«Мяне брудам аблілі». Каманда блогера Ціханоўскага абвяргае звесткі аб праблемах з падачай дакументаў у ЦВК
Перадвыбарчая кампанія блогера Сяргея Ціханоўскага, які з 6 траўня застаецца пад адміністрацыйным арыштам, выклікала скандал, піша «Белсат».
12 траўня belsat.eu апублікаваў інфармацыю пра тое, што, імаверна, давераная асоба блогера Сяргея Ціханоўскага не зможа падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК.
Даверанасць планавалася падпісаць праз адваката, але 11 траўня адваката да Сяргея Ціханоўскага ў ІЧУ не пусцілі. Пра гэта было напісана ў тэлеграм-канале «Краіна для жыцця», інфармацыю таксама пацвердзіла асоба, блізкая да каманды Ціханоўскага.
13 траўня на пошту Belsat.eu прыйшоў ліст: «заявы пра тое, што Ціханоўскі не выдаў даверанасці на падачу дакументаў у ЦВК, не адпавядаюць рэчаіснасці».
«Сёння адзін з нашых рэдактараў у тэлеграм самавольна напісаў лухту, якую ён узяў бог ведае адкуль. Верагодна, гэты «рэдактар» быў засланым казачком. Пост выдалены, рэдактару выказана ўсё, што мы пра гэта думаем! Зараз да СМІ: паважаныя, вы займаецеся журналістыкай або жаўтухай? Вы людзей інфармуеце аб рэальных падзеях ці ўсе вашы дзеянні накіраваныя [на] збор клікаў? Правярайце, калі ласка, інфармацыю перш, чым пускаць яе ў эфір! У вас для гэтага ёсць усе інструменты! Дзякуй!» – гаворыцца ў паведамленні.
Асоба, якая раней паведаміла пра праблемы з даверанасцю блогера, у каментары belsat.eu адзначыла, што больш не супрацоўнічае з камандай Сяргея Ціханоўскага.
«Я вам скажу коратка: тое, што было напісана ўчора на 7-ю вечара, – гэта праўда. Далей я каментаваць не хачу, бо мяне брудам палілі. Я не хачу больш звязвацца з дзейнасцю гэтай кампаніі. Мне непрыемная гэтая сітуацыя», – адзначыў суразмоўца.
Атрымаць дадатковыя каментары ў прадстаўнікоў тэлеграм-каналу «Краіна для жыцця» не атрымалася. Паводле звестак «Белсату», ім зараз забаронена кантактаваць з медыямі.
МГ belsat.eu