Зміцер Дашкевіч: Людзі, якія «вылучаюцца» ў прэзідэнты, нават не гавораць пра змену ўлады

Палітычны актывіст Зміцер Дашкевіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода» заяўляе, што сённяшнія лідары апазіцыі не любяць адзін аднаго, ацэньвае самастойнасць вылучэння Цапкалы і Бабарыкі і дае свой адказ на вечнае пытанне «што рабіць».

dashkevich_2019.jpg

У Беларусі пачалася выбарчая кампанія. І нярэдка людзі, якія нават выступаюць за байкот ці няўдзел у выбарах, выкарыстоўваюць кампанію як нагоду для «кіпішу», пэўнай палітычнай актыўнасці. Але вы апошнім часам, як выглядае, у сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці канцэнтруецеся выключна на Курапацкай варце. То-бок і гэтыя выбары для вас пройдуць незаўважна?
— Гэта, вядома, не выбары, і ніколі выбарамі не былі. Гэта палітычная кампанія. І гэтая кампанія істотна адрозніваецца ад тых, у якіх апазіцыя спрабавала ўдзельнічаць раней. Самае галоўнае адрозненне — раней (было гэта ўтопіяй ці не) апазіцыя заяўляла, што яна змагаецца за ўладу. Асабіста я да 2010 года ў гэта верыў і быў перакананы, што калі б грамадства і палітыкі праявілі волю — гэтую ўладу можна было б узяць.
Але сёння пра змену рэжыму людзі, якія збіраюцца балатавацца, нават не гавораць. Нехта «на разагрэў», нехта «ўмацаваць свае структуры» пад назвай «партыя». Што заўгодна, але толькі не змена ўлады, змены ў краіне. Для чаго на гэта марнаваць час і сілы — вялікае пытанне. Таму не бачу ніякага сэнсу для сябе займацца гэтым глупствам.
Аднак падчас гэтай кампаніі на авансцэну выходзяць новыя сілы, новыя ўдзельнікі — выхадцы з наменклятуры і блогеры. Як вы ставіцеся да блогераў (напрыклад, Ціханоўскі, Спірын), якія заяўляюць пра свае палітычныя намеры?
— З аднаго боку, добра, калі чалавек «прачынаецца» і вырашае, што трэба нешта мяняць у краіне. Але ў большасці сваёй гэта ўтапісты, якія не разумеюць рэальнага стану рэчаў, слушна не ацэнваюць свае сілы, структуры рэжыму. Таму шкада будзе людзей, якіх яны ўцягнуць, падвядуць пад рэпрэсіі, пераслед.
Улада, аднак, убачыла ў іх пагрозы. Можа, не столькі канкрэтна ў блогерах, колькі ў тых патэнцыйных пратэстах, якія яны могуць узначаліць. Ужо затрыманыя і пакараныя арыштамі ці штрафамі каля сотні чалавек, якія проста прыходзілі на сустрэчы з блогерамі ці выказвалі салідарнасць. Улада робіць усё, каб спыніць пратэст у зародку — значыць, яна адчувае і баіцца, што ён можа стаць масавым?
— У аўтарытарным рэжыме любы рух, пратэст, калі яго дазволіць, калі даць яму развіцца, рана ці позна набярэ дастатковую вагу, каб кінуць выклік уладзе. Калі даць гэтым людзям свабодна выказвацца і збірацца, то гэта можа нарастаць і стварыць праблемы, тым больш у выбарчы час. Тым больш у сітуацыі, калі людзі пачынаюць абурацца ўладай ужо не толькі на кухнях, а і ў грамадскіх месцах. Я сутыкаюся з гэтым штодня, чаго я раней не бачыў. Таму рэжым хоча перастрахавацца.
А ў чым, у якой форме можа сябе праявіць гэтае нездавальненне людзей уладай? Куды магчыма ім накіраваць сваю энергію пратэсту, калі ў выбарах вы не бачыце сэнсу ўдзельнічаць?
— Фактычна вы задаяце пытанне «Што рабіць?». Я пра гэта казаў і раней, у тым ліку і Свабодзе. Ёсць шмат рэчаў, якія трэба рабіць, якія будуць нас збудоўваць, натхняць і рыхтаваць перамены. Мы можам паўсюль размаўляць па-беларуску. Мы можам прыйсці ў Курапаты і падтрымаць Варту. Апошнія гады было некалькі эпахальных падзей, якія засведчылі, што нават у сціснутых умовах, у якіх жыве цяпер грамадзянская супольнасць, можна адзін аднаго натхняць і падтрымліваць.
Наша галоўная задача — застацца пры памяці і пры сілах у дзень, калі Лукашэнкі не будзе. З пазітыўных рэчаў можна ўзгадаць БНР100, перапахаванне Каліноўскага, Курапаты, калі высілкамі невялікай колькасці людзей можна зрабіць рэчы, якія даюць сілу. На гэтым я б параіў сканцэнтравацца людзям, якія могуць гэта пачуць. На тых рэчах, якія будуць нас яднаць і натхняць. А не на тых, пасля якіх мы крычым — «а, зноў асудзілі, пабілі, затрымалі». А потым — адзін з'ехаў, другі закрыўся, і гэтак далей.
Энергія ў народзе, якая цяпер закіпае, можа быць накіраваная ў пазітыўнае рэчышча. Праблема, што палітычныя лідары дваццаць гадоў раскідваюць камяні, а не думаюць пра тое, каб іх збіраць.
Статусная апазіцыя правяла працэдуру праймерыз, але яна скончылася не вельмі ўдала, і ў якасці прычыны названая пандэмія каронавіруса...
— Галоўная прычына, чаму так усё скончылася, у тым, што там сабраліся людзі, якія адзін аднаго даўно не любяць (скажам дыпламатычна), адзін аднаму даўно не давяраюць. Але нехта ім сказаў — «рабяты, вам трэба зараз вось гэта правесці». Гэта адпачатку была ўтапічная ідэя.
Мы за 26 гадоў назіралі дзясяткі такіх кампаній, калі апазіцыя сядае за адзін стол, цалуюцца, абдымаюцца, іх твары на першых старонках незалежнай прэсы — «нарэшце аб’ядналіся». Але потым усё сканчаецца адным і тым жа.
Я даўно прыйшоў да высновы, што не трэба нікога аб’ядноўваць, ні да кога ісці. Трэба рабіць тое, што ты можаш рабіць. Калі гэта будзе годная справа, людзі цябе падтрымаюць. У 2016 годзе мы абаранялі Курапаты ад новага забудоўшчыка. Ні з кім не аб’ядноўваліся, за круглыя сталы не сядалі. Прыйшлі і проста леглі ў гэтыя лужыны — і потым там сабралася ўся апазіцыя. Таму не трэба спрабаваць аб’яднаць вожыка, вужаку і жабу. Трэба рабіць годную справу, і людзі далучацца.
У праймерыз удзельнічаў і Павел Севярынец, які трошкі адрозніваецца ад іншых апазіцыйных лідараў і які, магчыма, бліжэйшы да вас паводле біяграфіі і палітычных поглядаў. Як вы ўспрынялі ягоны ўдзел у гэтай працэдуры?
— Я лічу, што гэта адпачатку была дурная ідэя, акт палітычнага самагубства. Чалавек стрэліў сабе ў нагу. Не хачу гэта больш каментаваць.
Гэтая кампанія таксама адметная тым, што з'явілася некалькі патэнцыйных кандыдатаў (Цапкала, Бабарыка), якіх можна ўспрымаць як выхадцаў з кіроўнай эліты, з даволі высокім статусам. Ці лічыце вы іх вылучэнне самастойным рашэннем альбо часткай паліттэхналогіі ўлады?
— Зыходзячы з таго, што мы бачым у Беларусі 26 гадоў — я думаю, што Лукашэнка і ягоны паліцэйскі рэжым не здатныя на такую тонкую гульню. Тым больш у сітуацыі, калі палітычная апазіцыя самазнішчылася. І тут раптам для чагосьці трэба Цапкала... І без яго намалююць любую яўку і працэнты.
Мінулы, 2019 год прайшоў пад знакам «пагрозы незалежнасці». Але цяпер гэтая тэма неяк забылася пад каронавірусам і прэзідэнцкай кампаніяй. Ці застаецца гэтая тэма актуальнай, асабліва на фоне таго, што ў Беларусі, як некаторыя лічаць, пачынаецца сістэмны крызіс?
— Пакуль Беларусь суседнічае з імперыяй, выклік для беларускай незалежнасці заўсёды быў, ёсць і будзе. Але я зыходжу з таго, што творца гісторыі — Бог. Беларусь — гэта парадокс гісторыі. Нас тут не павінна было быць, калі разважаць, колькі год нас выразалі, знішчалі, паланізавалі, русіфікавалі. Але мы тут ёсць. І не для таго, каб раптам Беларусь знікла. Мы ёсць, былі і будзем з пэўнымі выклікамі, да якіх трэба рыхтавацца.
Віталь Цыганкоў, svaboda.org