«Мы не прымаем гэту характарыстыку». ААН не згодная з версіяй Мінска па сітуацыі з прадстаўніцтвам у Беларусі
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) не згодна з ацэнкай Мінска сітуацыі з Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі, піша ТАСС.
«Мы не прымаем характарыстыку гэтай сітуацыі, якая была
дадзеная, і асабліва версію падзей, прадстаўленую кантраляванымі дзяржавай
СМІ», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік УВКПЧ Руперт Колвіл.
Паводле яго слоў, адрозненні ў поглядах паміж урадам і
арганізацыяй па гэтым пытанні па-ранейшаму захоўваюцца.
У жэнеўскай штаб-кватэры УВКПЧ выказваюць «глыбокае
шкадаванне з нагоды манеры, у якой сур'ёзныя абвінавачанні супраць персаналу
ААН падаваліся на дзяржаўным тэлебачанні, уключаючы выкарыстанне запісаў абмену
думкамі з дзяржаўнымі афіцыйнымі асобамі ў афіцыйных памяшканнях, што ясна
супярэчыць асабістаму праву на прыватнае жыццё, і належны працэс».
Прадстаўнік упраўлення паведаміў, што з 2020 года да пачатку
2021-га УВКПЧ выконвала праграму праз офіс каардынатара ААН у Мінску па
аказанні юрыдычнай дапамогі ўразлівай групе ў Беларусі. Паводле яго слоў, у
пачатку гэтага года беларускія ўлады аспрэчылі «дзеянні пэўных супрацоўнікаў
ААН у гэтых адносінах». У ААН папрасілі даць інфармацыю аб канкрэтных
абвінавачаннях і фактычную аснову любых абвінавачанняў супраць персаналу.
Арганізацыі прадставілі звесткі, з якіх вынікае, што абвінавачанні «датычацца ажыццяўлення афіцыйных функцый афіцыйнымі асобамі ААН».
ААН заявіла аб прымяненні імунітэту «ў дачыненні
да якога-небудзь працэсу па гэтым пытанні».
«Мы працягваем лічыць, што дадзенае пытанне можа быць вырашана непасрэдна паміж бакамі, у поўнай адпаведнасці з прыдатнымі міжнароднымі юрыдычным рамкамі», — заявіў Колвіл.
Нагадаем, беларускае прадстаўніцтва пры ААН у Жэневе заявіла, што прадстаўніцтва ААН у Мінску арганізавала «схему па нямэтавым расходаванні сродкаў арганізацыі», а менавіта аплаціла паслугі адвакатаў для 23 чалавек, якія трапілі пад крымінальны пераслед па палітычных матывах. Удзельнікамі «схемы» называліся дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі, а ініцыятарам — былы старшы саветнік па правах чалавека Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Омер Фішэр.
Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Яна Казана-Вішнявецкі
пракаментавала заяву беларускага МЗС і паведаміла аб намеры працягваць працу з
Беларуссю. У ААН таксама паведамлялі, што арганізацыя працягне дыялог з
беларускімі ўладамі па пытаннях прэтэнзій.
«Краінавая каманда спадзяецца на далейшае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі і адпаведнымі партнёрамі з грамадзянскай супольнасці — у тым ліку ў галіне ўстойлівага развіцця і правоў чалавека», — заяўлялі ў арганізацыі.