МЗС Ізраіля назвала непрымальнымі выказванні Лукашэнкі пра Халакост

Міністэрства замежных справаў Ізраілю асудзіла «антысеміцкія выказванні» Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі 3 ліпеня ля Кургану Славы, піша Свабода

israel_162325_1280.png

Лукашэнка заявіў, што неабходна гаварыць пра «Халакост беларускага народу» падчас Другой сусветнай вайны. «Яўрэі ж змаглі гэта даказаць. Увесь свет сёння схіляецца перад імі, нават баяцца пальцам у іх паказаць, а мы такія талерантныя, такія добрыя, нікога не хацелі пакрыўдзіць. Даскакаліся да таго, што нас пакрыўдзілі».
«Выказванні прэзідэнта Беларусі непрымальныя», заявілі ў МЗС Ізраіля, піша выданне ynet.co.il. Намеснік генеральнага дырэктара аддзелу Эўразіі і Заходніх Балканаў у міністэрстве Гары Корэн выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі ў Ізраілі для размовы ў гэтай справе.
3 ліпеня, у той самы дзень, калі Лукашэнка выступіў са згаданымі выказваннямі, прэзідэнт Ізраіля Рэўвэн Рыўлін накіраваў Лукашэнку персанальнае віншаванне з нацыянальным святам Рэспублікі Беларусь, што выклікала пратэсты сярод ізраільскіх грамадзянаў выхадцаў з Беларусі.