На парламенцкіх выбарах пачынаецца датэрміновае галасаванне
Сёння пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
На працягу пяці дзён выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты для галасавання з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін.
У бюлетэнях для галасавання значыцца 491 кандыдат у дэпутаты. З іх 313 з`яўляюцца членамі палітычных партый, 115 — жанчыны, 28 — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання, 35 — дэпутаты мясцовых саветаў.
За ходам галасавання будзе весціся досыць актыўнае міжнароднае і нацыянальнае назіранне. Па стане на 2 верасня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 821 міжнароднага назіральніка. Найбольш масавымі з`яўляюцца місіі міжнародных назіральнікаў ад СНД і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, ад якіх акрэдытаваны адпаведна 331 і 341 чалавек. Пры выбарчых камісіях рознага ўзроўню, паводле дадзеных на 5 верасня, акрэдытавана 32.015 нацыянальных назіральнікаў.
У Беларусі ў ходзе датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі наведвае досыць вялікая колькасць выбаршчыкаў. Так, на парламенцкіх выбарах 2012 года датэрмінова прагаласавала каля 25% выбаршчыкаў, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года — каля 36%.
Незалежныя назіральнікі лічаць, што падчас датэрміновага галасавання ўлады актыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс для павышэння яўкі выбаршчыкаў. Акрамя таго, на іх думку, датэрміновае галасаванне — найбольш зручны час для фальсіфікацый, у прыватнасці шляхам укідвання выбарчых бюлетэняў у скрыні.
У нацыянальным назіранні будуць удзельнічаць прадстаўнікі як праўладных, так і незалежных структур. Незалежныя назіральнікі праводзяць кампаніі "Права выбару — 2016", "Праваабаронцы за свабодныя выбары", "За справядлівыя выбары".
Кампанія "Права выбару — 2016" падчас датэрміновага і асноўнага галасавання на парламенцкіх выбарах арганізуе назіранне на ўсіх участках для галасавання 11 выбарчых акруг: у Брэсцкай-Усходняй № 3, Віцебскай-Чкалаўскай № 18, Гомельскай-Цэнтральнай № 33, Гродзенскай-Цэнтральнай № 51, Сеніцкай № 76, Магілёўскай-Цэнтральнай № 85, Аўтазаводскай № 92, Чкалаўскай № 96, Дамброўскай № 103, Усходняй № 107, Каліноўскай № 108.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адкрыла гарачую лінію для паведамленняў аб парушэннях падчас парламенцкіх выбараў, якія прапаноўваецца адпраўляць на электронную скрыню ktn@spring96.org або праз форму зваротнай сувязі на сайце elections2016.spring96.org. Акрамя таго, падчас датэрміновага і ў асноўны дзень галасавання будзе працаваць тэлефонная лінія: з 5 па 14 верасня — з 9 да 21 гадзіны; 11 верасня — кругласутачна. Тэлефоны: для жыхароў Брэсцкай вобласці — 8 (29) 685-53-29; Віцебскай — 8 (29) 865-64-66; Гомельскай — 8 (29) 865-64-57; Гродзенскай — 8 (29) 865-64-21; Мінскай — 8 (29) 865-43-56; Магілёўскай — 8 (29) 865-64-40; Мінска — 8 (29) 865-64-26 і 8 (29) 865-64-25.
Асноўны дзень галасавання — 11 верасня. Выбарчыя ўчасткі ў гэты дзень будуць адкрыты з 8 да 20 гадзін.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН