Не кожная п’яная бойка — «спецаперацыя Шуневіча»

Ці была сама бойка? Так, была. Ці пацярпеў Чалы? Так, моцна пацярпеў. Ці гэта правільна, што ў цэнтры Мінску б’юць людзей? Не, няправільна. Ці стаяць за гэтым спецслужбы? Як аказалася — не. Асобы, з якімі адбыўся канфлікт, узятыя пад варту, таму версія з «бытавухай» падаецца куды больш імавернай…

Пацярпелыя Чалы і Сакалоўскі, калаж naviny.by

Пацярпелыя Чалы і Сакалоўскі, калаж naviny.by

Адкуль з’явілася версія пра «след Шуневіча» у гэтай гісторыі? Маўляў, Чалы прыкладна тыдзень таму пісаў ў сацсетках «Шуневіча ў адстаўку», а гэтага дастаткова. Міністр альбо яго падначаленыя «прынялі меры»… Але давайце паставім сябе на месца Шуневіча: ён спускае загад ніжэйшаму звяну, урэшце яно даходзіць да апероў, тыя шукаюць спецоў і даюць здымак Чалага: фас і профіль.
І тут цікава: чаму збіваць у цэнтры горада, дзе ўсталяваная процьма камераў, а не ў спальным раёне, не ў двары дома, не ў пад’езўдзе? Згадзіцеся, каб нападнікам пасля сыйсці незаўважанымі для камераў з месца злачынства, ім трэба ці па дахах збягаць, ці праз каналізацыю, ці змяняць знешнасць, ці чакаць верталёт, ці камеры адключаць… Фантастыка.
Чаму збіваць журналіста трэба было пры сведках? Яшчэ адзін слабы момант. У выпадку з нападам у двары дому ці ў любым іншым месцы — гэты пракол быў бы сняты, а так… не сур’ёзна. Кажуць, «білі менавіта Чалага, іншых не чапалі» — дык адзін з яго сяброў збег, іншы ляжаў. Скажам, каб найбольш пацярпеў вядомы фатограф, які быў з Чалым, можна было б казаць, што гэта адцягнутая ў часе помста за фотавыставу, прысвечаную АТА, ці за нешта іншае.

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Так, уладам Чалага ёсць за што не любіць: працаваў у штабе Лукашэнкі ў 1996-м, у Мілінкевіча ў 2006-м, у Някляева ў 2010-м, у Караткевіч у 2015-м, піша розныя нязручныя моманты… А тут яшчэ і па міністру прайшоўся… Але давайце шчыра: ці не кожнага журналіста, апазіцыянера ці актывіста як быццам “ёсць за што”. Усе нешта пішуць, усе маюць спецыфічныя біяграфіі, усе ў нейкі момант закраналі чужыя інтарэсы: свет складаны, усім не дагодзіш.
Калі ўдзельнікі бойкі сапраўды затрыманыя і справа дойдзе да суду, падаецца, ніякіх сумневаў ужо не застанецца — «бытавуха». І тут цікавы зусім іншы феномен: чаму грамадства фактычна безапеляцыйна сыйшлася на версіі «заказнога збіцця»? Калі абстрагавацца ад псіхалагічнай асаблівасці чалавека шукаць паўсюдна змову, падвойнае дно і дэтэктыўны сюжэт, пагодзімся, што ўсё гэта яшчэ раз сведчыць пра татальны недавер да сілавікоў.

Міністры унутраных справаў Ігар Шуневіч, фота sputnik.by

Міністры унутраных справаў Ігар Шуневіч, фота sputnik.by

І гэта – дрэнна. Гэта праблема і ўладаў, і грамадскага сектару, і саміх сілавікоў. Выглядае, што нягледзячы на ўсе патугі аб’яднаць «дзве Беларусі», кансалідаваць беларусаў і знізіць градус узаемнай нянавісці, недаверу яшчэ вельмі шмат. І ён – узаемны. І гэта выглядае куды больш скрушна за сам факт збіцця чалавека ў самым сэрцы сталіцы.
Але ці варта падымаць хай з-за туманнай гісторыі «заказнога збіцця» і не разабраўшыся запісваць гэта ў чарговае «злачынства рэжыму». На маю думку — не. Хаця б таму, што гэта адцягвае ўвагу ад рэальных праблемаў і людзей, якія церпяць ад таго, што не ўсё ў нас у парадку. Ад гісторыі Іллі Валавіка, які атрымаў дзесяць год, трэніруючы падлеткаў тайскаму боксу. Ад гісторыі вялізных тэрмінаў па арт. 328, калі падлеткаў-спажыўцоў запісваюць у распаўсюднікі наркотыкаў… Давайце разбірацца, а пасля — сцвярджаць.
А Сяргею Чаламу – здароўя і доўгіх год жыцця!
Увага! Меркаванне рэдакцыі не заўжды супадае з меркаваннямі аўтараў і калумністаў.