Някляеў: Рэжым і не думае жыць па законах
«І праблема тут у самім рэжыме, у створанай ім мадэлі», — лічыць лідэр руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», паэт Уладзімір Някляеў.
Праслухоўка лідараў беларускай апазіцыі — тыповы прыклад адносін улады да сваіх грамадзян.
Пра гэта Уладзімір Някляеў заявіў сайту ucpb.org у каментары адносна знойдзенага ў кавярні «Салодкі Фальварак» абсталявання для праслухоўвання, схаванага ў сурвэтніцы на століку, за якім ён меўся сустрэцца з Анатолем Лябедзькам і Мікалаем Статкевічам.
«Калі зараз у звязку з тымі стасункамі, якія нібыта складваюцца ў Беларусі з ЕС, унутры краіны пачынаюцца размовы пра магчымасць канструктыўнага супрацоўніцтва з рэжымам, я задаюся пытаннем, а што ўнутры краіны змянілася, каб перагледзець свае адносіны да рэжыму, — кажа Уладзімір Някляеў. — Рэпрэсіі не аслаблі, ніякай змены ў адносінах рэжыму да грамадзянскай супольнасці не назіраецца. І тое, што сталася ў кавярні «Салодкі Фальварак», найперш кажа, што рэжым нават і не думае паставіць справу так, каб самому жыць па нейкіх законах, хоць бы ім прыдуманых, а тым больш па законах адносіцца да грамадзян Беларусі.
Праслухоўка ідзе не толькі на палітычным узроўні, праслухоўваюцца камерцыйныя структуры, праслухоўваюцца ўсе грамадзяне, у адносінах да якіх рэжым раптам займеў падазрэнні, што яны неяк не так думаюць, не так глядзяць на гэты свет, як Лукашэнка і ягоныя служкі.
Да гэтай пары нічога не зроблена ў раскрыцці знікнення вядомых палітыкаў, да гэтай пары не рэабілітаваныя людзі, якіх судзілі за Плошчу-2010. Да гэтай пары няма ніякіх зменаў у выбарчым заканадаўстве і г.д. На сённяшні дзень ўсё тое самае, што было раней. Таму мы будзем і далей рабіць тое, што робім — даводзіць людзям сутнасць праблемы. Што праблема не ў эканоміцы, не ў фінансах, не ў законах, а ў самім рэжыме, у створанай ім мадэлі, якая не рэфармуецца, і спадзяванні на рэфармаванне якой безнадзейныя».