Памёр старшыня Еўрапарламента Давід Сасолі
Спікер Еўрапарламента Давід Сасоли ў снежні быў шпіталізаваны з моцнымі парушэннямі працы імуннай сістэмы і памёр рана раніцай 11 студзеня.
Старшыня Еўрапейскага парламента Давід Сасолі, шпіталізаваны
26 снежня ў сувязі з узніклымі ўскладненнямі, звязанымі з цяжкай формай
дысфункцыі імуннай сістэмы, памёр у аўторак, 11 студзеня, у 1.15 раніцы ва
ўзросце 65 гадоў. Пра гэта паведаміў яго прэс-сакратар Раберта Куільё.
10 студзеня Куільё абвясціў, што кіраўнік Еўрапарламента,
змешчаны на лячэнне ў анкалагічны цэнтр італьянскага горада Авіяна,
падпарадкаванага адміністрацыйнаму цэнтру Пардэноне, адмяніў усе запланаваныя з
яго удзелам афіцыйныя мерапрыемствы.
Гэта стала яго другой шпіталізацыяй за апошні час. Раней
Сасолі трапіў у бальніцу 15 верасня з-за цяжкай пнеўманіі. Яе прычынай не быў
каронавірус.
У снежні Сасолі заявіў, што не будзе вылучаць сваю
кандыдатуру на перавыбранне ў Еўрапейскі парламент. Выбары яго пераемніка на
другую палову парламенцкага тэрміну былі прызначаны на 13 студзеня.
Італьянскі журналіст і тэлевядучы, член Дэмакратычнай партыі
Давід Сасолі быў абраны ў Еўрапарламент у 2009 годзе. З 2014 па 2019 гады ён
быў віцэ-старшынёй Еўрапарламента, а затым узначаліў яго. 30 красавіка 2021
года МЗС Расіі ўвёў санкцыі супраць Сасолі (яму закрыты ўезд у Расію) і
некалькіх іншых службовых асоб ЕС у адказ на санкцыі, уведзеныя структурамі
Еўрасаюзу ў дачыненні да Расіі пасля атручвання Аляксея Навальнага.
У Давіда Сасолі засталіся жонка і дзве дачкі.
Паводле DW.