Партыя БСДГ абрала новага кіраўніка

БСДГ больш не «партыя Шушкевіча». Новага кіраўніка палітычнай структуры 3 лістапада выбіралі ў Мінску.

svaboda.org

svaboda.org

Шматгадовы кіраўнік палітычнай структуры Станіслаў Шушкевіч вырашыў пакінуць пасаду з-за стану здароўя і даволі сталага веку. Каментуе кіраўнік Гарадзенскай абласной суполкі партыі БСДГ Віктар Сазонаў:
— Безумоўна, гэтая партыя хоць і мела афіцыйную назву Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, але ў палітычных колах, а асабліва ў колах звычайных людзей яна насіла назву «партыя Шушкевіча». Зразумела, гэта было з-за таго, што постаць гэтага чалавека вельмі вялікая, па сутнасці, постаць першага кіраўніка адноўленай незалежнай Беларусі.


Як адзначае Віктар Сазонаў, Станіслаў Шушкевіч сам прапанаваў удзельнікам з’езду партыі свайго маладога пераемніка:
— Але прыйшоў той час, калі Станіслаў Шушкевіч чарговы раз паказаў сваю моц, паказаў сваю веліч, калі не стаў са сваімі гадамі трымацца за гэтую пасаду, убачыўшы, што, можа быць, яго ўзрост не дазваляе больш актыўна працаваць, і ён вельмі спакойна прапанаваў пераемніка Сяргея Чэрачня, пабачыўшы маладога, энергічнага чалавека і растлумачыўшы сваім паплечнікам па партыі, што ёсць такі чалавек, які будзе працягваць ідэалы, якімі гэтая партыя жыла.

Фота: Facebook Сяргея Чэрачня

Фота: Facebook Сяргея Чэрачня

Новы кіраўнік партыі Сяргей Чэрачэнь з’яўляецца дырэктарам акцыянернага таварыства «Мантаж Тэхніка». Нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Яшчэ ў студэнцтве вёў шэраг праектаў, займаўся бізнесам. У 2016 годзе спрабаваў балатавацца ў Палату прадстаўнікоў па 108-й Каліноўскай акрузе сталіцы. Аднак раённая выбарчая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што 32% подпісаў за яго вылучэнне апынуліся несапраўднымі. Улетку 2016 года, калі ён вылучаўся ў дэпутаты, быў чальцом Камуністычнай партыі Беларусі. З КПБ выйшаў па ўласным жаданні ў канцы 2017 года, уступіў у БСДГ і неўзабаве быў абраны намеснікам старшыні. Размаўляе па-расейску, але ў адным з інтэрв’ю паабяцаў «падцягнуць» беларускую мову.
Беларускае Радыё Рацыя