Пасля разносу Лукашэнкі для ўсіх школьнікаў зрабілі аднолькавае харчаванне
У беларускіх школах забяспечана аднолькавае харчаванне для ўсіх дзяцей, паведаміла журналістам начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Люцыя Міхальчук, паведамляе «Радыё Свабода».
«Асноўны момант, які тычыцца арганізацыі харчавання, — гэта прадстаўленне адзіных рацыёнаў навучэнцам установаў агульнай сярэдняй адукацыі. Адзіныя рацыёны харчавання для дзяцей, якія сілкуюцца як за кошт сродкаў бюджэту, так і за кошт сродкаў бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў», — распавяла Міхальчук.
Цяпер, незалежна ад умоваў аплаты школьнікі 5-11 класаў атрымліваюць адзіныя па кошце рацыёны, а дакладней – рацыён з двух комплексаў на выбар: адзін з супам, другі – без, патлумачыла прадстаўніца аддзелу арганізацыі гандлю і грамадзкага харчаваньня Галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Мінгарвыканкаму Марына Дзьякава.
2 верасня, калі Аляксандар Лукашэнка прыехаў на адкрыццё новай школы №93 у Мінску, сярод іншага яму паказалі стравы са школьнага меню. Там жа і ўзнялі пытаньне розніцы ў падыходах да харчавання.