Патрабуеш адстаўкі ўраду — пад суд
6 мая ў судзе Заводскага раёну Мінску будуць разглядаць справу трох актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Анатоля Лябедзькі, Вольгі Маёравай і Дзяніса Красачкі.
Іх абвінавачваюць у раздачы інфармацыйных матэрыялаў. З гэтай
нагоды сёння на прэсавай канферэнцыі Анатоль Лябедзька заявіў, што ў выніку можа
быць створаны вельмі небяспечны прэцэдэнт, якога раней не было
ў гісторыі Беларусі.
«Нашых актывістаў абвінавачваюць у тым, што яны раздавалі матэрыялы, у якіх даказвалася, што эканамічны курс, які праводзіць Аляксандар Лукашэнка і ягоны ўрад, вядзе нашу краіну ў тупік. І кожны, хто азнаёміўся з гэтымі матэрыяламі, меў магчымасць падпісаць зварот аб адстаўцы Лукашэнкі і ягонага ўраду. Мабыць, вось гэта найбольш занепакоіла ўлады. Абвестку пра тое, што нашых актывістаў будуць судзіць, мы атрымалі пасля таго, як раздалі адпаведныя матэрыялы на прахадной Мінскага аўтамабільнага заводу».
Анатоль Лябедзька сказаў, што кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі накіроўвае ліст да ўсіх амбасадараў, які працуюць у Беларусі, каб тыя абавязкова прыйшлі на суд і пабачылі, што такое лібералізацыя па-беларуску.
Пакуль ніякіх дакументаў, акрамя пазову ў суд, офіс АГП не бачыў. Як лічыць Анатоль Лябедзька, хутчэй за ўсё, «на нас навесяць правядзенне несанкцыянаванага пікету».
«Мы будзем дамагацца, каб не дапусціць прэцэдэнту на забарону друкаванай прадукцыі».