Павел Севярынец: Міліцыя прапануе сустрэцца наконт Плошчы
Сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што яму тэлефанавалі з Фрунзенскага РУУС і прапанавалі «сустрэцца, аформіць за заклікі».
Нагадаем, палітык заклікаў беларусаў 7 снежня выйсці на Кастрычніцкую плошчу («плошчу Каліноўскага») на знак пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Сам Павел Севярынец мяркуе, што не дойдзе да плошчы, бо яго пасадзяць на суткі за ўдзел у «Сустрэчы свабодных людзей», якая адбылася ў Мінску 16 лістапада. Судзіць палітыка будуць заўтра, 5 снежня, а 9.15 у Цэнтральным судзе сталіцы.
«Ужо другі дзень выходжу на вуліцу з трывожнай торбай: Біблія, дзягцярнае мыла, сухары, сала, шчотка і паста. Загрэбці, як водзіцца, могуць у любы момант і ў любым месцы. Але пакуль не бяруць. Можа, Рыгоравічу самому патрэбная карцінка з поўнай Плошчай "За незалежнасць"?», — напісаў Севярынец.