Расійскі палітолаг: Партыя «Саюз» ад пачатку з’яўляецца філіялам беларускага КДБ і будзе працаваць супраць Расіі

Расійскі палітолаг, намеснік дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ Андрэй Суздальцаў пракаментаваў ўстаноўчы з’езд прарасійскай партыі «Саюз», што прайшоў у Мінску.

Андрэй Суздальцаў

Андрэй Суздальцаў


«Партыя лічыцца прарасійскай і выступае за Саюзную дзяржаву, што адразу выглядае вельмі непераканаўча. Справа ў тым, што пры рэжыме Лукашэнкі ў прынцыпе немагчыма стварыць рэальна дзейсную і палітычна значную партыю, калі толькі гэтая партыя не будзе вызнаваць адкрыты лукашызм», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Суздальцаў нагадвае, што ўсе раней створаныя расійскім і беларускай бокам сумесныя структуры, у тым ліку грамадскія арганізацыі, парламенцкія сходы, сумесныя тэлеканалы або філіялы расійскіх СМІ ў Беларусі з аднаго боку, імгненна «садзіліся» на расійскі бюджэт, а з іншага боку ператвараліся ў рупары прапаганды Лукашэнкі на расійскі электарат. «Фактычна, усе гэтыя структуры, атрымліваючы расійскае фінансаванне, падрывалі асновы расійскай улады», — адзначае эксперт.

«Стварэнне і існаванне прарасійскай партыі ў Беларусі немагчымае. Так што партыя “Саюз” ад пачатку з’яўляецца філіялам беларускага КДБ і будзе працаваць супраць Расіі за расійскія грошы», — упэўнены Суздальцаў.