Рэйтынг Лукашэнкі ва Украіне рухнуў

У верасні 2021 года ўкраінцы негатыўна ставіліся толькі да кіраўнікоў Беларусі і Расіі.

maxresdefault_143709092021.jpg


Антырэйтынг узначальвае Уладзімір Пуцін, да якога негатыўна ставяцца 81% апытаных, станоўча — толькі 15%.

Да Лукашэнкі негатыўна ставяцца 59% апытаных, пазітыўна — 34%, паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на даныя апытання сацыялагічнай групы «Рэйтынг».

Пры гэтым за апошні год стаўленне да Лукашэнкі пагоршылася з 45% да 34%, а за апошнія два гады — удвая (з 67 да 34%).

Сярод ключавых сусветных лідараў лепш за ўсё ўкраінцы ставяцца да канцлера Германіі Ангелы Меркель (73% — пазітыўна, 19% — негатыўна) і прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна (64% — пазітыўна, 19% — негатыўна).

Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона пазітыўна ацанілі 57% украінцаў, негатыўна — 19%. Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду пазітыўна ацанілі 54%, негатыўна — 10%.

Апытанне праведзенае сацыялагічнай групай «Рэйтынг» 2-4 верасня 2021 года сярод 2500 рэспандэнтаў ва ўсёй Украіне, за выключэннем акупаваных Расіяй тэрыторый. Метад апытання: CATI (Computer Assisted Telephone Interviewing — тэлефонныя інтэрв'ю з выкарыстаннем кампутара). Памылка рэпрэзентатыўнасці даследавання: не больш за 2%.

Нагадаем, у пачатку 2021 года сярод лідараў замежных дзяржаў горш за ўсё ўкраінцы ставіліся да Уладзіміра Пуціна. Прэзідэнту Расіі не давяралі 79,8% грамадзян, давяралі — 14,4%, баланс даверу складаў мінус 65,4%. Баланс даверу-недаверу да Лукашэнкі складаў мінус 17,6%: яму давяралі 36% рэспандэнтаў, але пры гэтым 53,6% не мелі да яго даверу.