Праўладны блогер Голікаў сутыкнуўся з судовай сістэмай і заклікаў задумацца, ці варта выходзіць за Лукашэнку
Брэсцкі блогер Аляксей Голікаў, які падтрымліваў Лукашэнку падчас леташніх пратэстаў, апублікаваў відэа, у якім распавёў пра развод з жонкай-«бэчэбэшніцай».
Голікаў у відэа прызнаўся, што з ім разводзіцца жонка-«бэчэбэшніца», у выніку чаго ён застаецца «без анічога», піша Радыё Свабода.
«Летась я выйшаў супраць таго бардака, які пачынаўся ў краіне, нават не за прэзідэнта. А сёння прайшло трэцяе судовае пасяджэнне ў справе спынення шлюбу. Жонка мяне не падтрымала — яна “бэчэбэшніца” — і падала на развод. Праблема нават не ў гэтым. У дзяржаве, дзеля якой ты гатовы аддаць жыццё, пакласці галаву, існуе несправядлівасць. Фактычна я застаюся без усяго — без дому, без машыны, без дзяцей. Проста выкінуты на вуліцу. І калі ў вас яшчэ ўзнікне жаданне выходзіць за дзяржаву, за Лукашэнку і за штосці яшчэ не сваё — падумайце лішні раз», — са слязмі на вачах прамаўляе Аляксей Голікаў.
Пры гэтым ён паабяцаў у наўпроставым эфіры 9 верасня «расказаць усё» — пра пратэсты, суды, КДБ ды іншыя падзеі палітычнай кампаніі 2020 года.
Раней на дзяржаўным тэлеканале СТБ, з якім супрацоўнічае Аляксей Голікаў, ён апраўдваў гвалт сілавікоў над пратэстоўцамі. «Удары гумовымі палкамі, захопы, блакаванне і нават ліквідацыя. Усе дзеянні сілавікоў былі накіраваныя на драбненне і блакаванне разбуральнай сілы натоўпу», — казаў ён у эфіры «Сталічнай тэлевізіі».
40-гадовы берасцеец Аляксей Голікаў — індывідуальны прадпрымальнік у сферы рэкламы. Да таго запісваў ролікі з крытыкай апазіцыі, праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ды іншых апанентаў улады.