Рух «За Свабоду» патрабуе прызнаць залежнасць ад Расіі пагрозай для суверэнітэту
Еўрапейская інтэграцыя павінна быць прызнаная адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі, уладам варта выконваць рэкамендацыі міжнародных арганізацыяў, а таксама прызнаць залежнасць ад Расіі пагрозай для незалежнасці і выйсці з саюзаў з ёй, лічаць сябры арганізацыі.
Сябры Руху «За Свабоду» у выніковай рэзалюцыі справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая прайшла 15 снежня ў Мінску, «Аб еўрапейскім выбары Беларусі» заявілі пра падтрымку больш цеснага супрацоўніцтва з краінамі дэмакратычнага Захаду і далейшага ўключэння Беларусі ў агульнаеўрапейскую прастору, а таксама пра неабходнасць дыялогу ЕС і Беларусі з улікам не толькі эканамічных і палітычных інтарэсаў, але і абароны правоў чалавека.
«Мы лічым недастатковымі крокі беларускіх уладаў для абароны беларускага суверэнітэту і эканамічнай незалежнасці ад Расійскай Федэрацыі і выказваем заклапочанасць працягам наступу на правы і свабоды беларускіх грамадзянаў, рэпрэсіямі ў адносінах да незалежных прафсаюзаў, СМІ і палітычных апанентаў з боку беларускіх уладаў», — падкрэслілі аўтары рэзалюцыі.
Паводле прэс-рэлізу