Шуневіч: Супраць МУС вядзецца інфармацыйная вайна
Супраць МУС вядзецца інфармацыйная вайна, заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 1 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Фота з сайта belapan.by
Такім чынам ён адказаў на пытанне карэспандэнта "Советской Белоруссии" аб "інтэрнэт-правакацыях, што апошнім часам сталі частымі" (маюцца на ўвазе відэаролікі пра
канфліктныя сітуацыі з удзелам міліцыі і сатырычныя фотакалажы, якія выкладваюць у інтэрнэце карыстальнікі).
У сваім пытанні карэспандэнт "Советской Белоруссии" таксама адзначыў: складваецца ўражанне, што "ветлівасць супрацоўнікаў міліцыі прымаецца за слабасць".
На што кіраўнік МУС заявіў: "Міліцыя не выглядае бездапаможнай. Проста некаторыя журналісты выстаўляюць яе ў такім святле". "Міліцыянер не павінен кіравацца сваімі
пачуццямі — гэта будзе дрэнны міліцыянер", — дадаў Шуневіч.
Паводле яго слоў, сёння "ў асноўнай сваёй масе крытычныя заўвагі ці публікацыі ў сродках масавай інфармацыі носяць канструктыўны характар". "Але ёсць частка, якая, на
мой погляд, з`яўляецца не чым іншым, як інфармацыйнай атакай на дзейнасць такой структуры, як Міністэрства ўнутраных спраў. Я ацэньваю гэта так. Гэта інфармацыйная вайна, якая вядзецца ў дачыненні да
Міністэрства ўнутраных спраў з усімі наступствамі, што вынікаюць: два супрацьборныя бакі, набор інструментарыю", — сказаў міністр.
Разам з тым, заявіў ён, ваяваць МУС "ні з кім не будзе". "Мы выконвалі і будзем выконваць сваю працу максімальна прафесійна. І калі парушэнне закона відавочнае,
праваахоўнікі абавязаныя на яго рэагаваць. І калі нас крытыкуюць за няправільную рэакцыю, і гэтая крытыка канструктыўная, мы заўсёды гатовыя з вялікай радасцю і зацікаўленасцю паставіцца да такой
крытыкі", — запэўніў Шуневіч.
"Але калі нас правакуюць, хамяць, спрабуюць ілюстраваць наш непрафесіяналізм менавіта такімі спосабамі, дэструктыўнымі, я лічу, мы будзем таксама цывілізавана на гэта рэагаваць, у тым
ліку ўключаючы механізм прававой абароны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў шляхам звароту ў суды з іскамі. Такая практыка ў нас ужо ёсць", — заявіў кіраўнік МУС.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН