Шымон Перэс не прыедзе ў Беларусь
Нягледзячы на шматлікія просьбы беларускіх уладаў, Шымон Перэс не прыедзе ў Мінск.
Сёння прэзідэнту Ізраіля спаўняецца 90 гадоў. Ён нарадзіўся 2 жніўня 1923 года ў беларускім мястэчку Вішнева пад Валожынам. Раней неаднаразова паведамлялася пра тое, што ізраільскія і беларускія
дыпламаты працуюць над арганізацыяй афіцыйнага візіту Шымона Перэса на гістарычную радзіму. У прыватнасці, пра гэта казаў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал.
«Мы вельмі разлічваем, што прэзідэнт Ізраіля ўсё ж такі прыедзе ў Беларусь з афіцыйным візітам у год свайго 90-годдзя. Пакуль гэта пытанне ліхаманкава вырашаецца. Калі ён прыедзе,
то можна будзе казаць, што сустрэча Перэса і Лукашэнкі можа прывесці да падпісання сур'ёзных дакументаў», — казаў ён раней.
Запрашэнне наведаць нашу краіну перадаў прэзідэнту Ізраіля і начальнік упраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС Беларусі, былы амбасадар у Ерусаліме Ігар Ляшчэня.
У гэтыя дні Шымон Перэс знаходзіўся як ніколі блізка да сваёй радзімы. 29 ліпеня ён прыехаў у Рыгу, а 31 ліпеня — у Вільню. Прэзідэнт Ізраіля сустрэўся з кіраўніцтвам Латвіі і
Літвы. Учора ў ратушы Вільні яму былі ўручаныя рэгаліі ганаровага грамадзяніна гэтага горада, піша ru.delfi.lt.
Раней ізраільскія СМІ пісалі пра тое, што перад наведваннем Латвіі і Літвы Шымон Перэс зробіць афіцыйны візіт у Беларусь. У прыватнасці, партал izrus.co.il адзначаў, што на прыездзе прэзідэнта
Ізраіля на яго гістарычную радзіму менавіта ў год яго юбілею настойвалі беларускія ўлады. Пры гэтым афіцыйны Мінск быў гатовы прыняць Шымона Перэса і з прыватным візітам. Тым не менш, ні да
наведвання літоўскай сталіцы, ні пасля, прыезд прэзідэнта Ізраіля ў Беларусь не плануецца. З Вільні ён вяртаецца ў Ерусалім.
Шымон Перэс — трэці ўраджэнец Беларусі, які станавіўся прэзідэнтам Ізраіля. Першым прэзідэнтам гэтай краіны быў Хаім Вейцман. Ён нарадзіўся ў мястэчку Моталь Іванаўскага раёна
Брэсцкай вобласці. У 60-я гады Ізраіль узначальваў Залман Шазар з-пад Стоўбцаў.
З пачатку 90-х Шымон Перэс быў у Беларусі двойчы. Нягледзячы на тое, што з Вішнева ён з'ехаў яшчэ дзіцем, падчас першага прыезду ён адразу пазнаў месца, дзе стаяў яго дом, і калодзеж, з
якога сям'я брала ваду.
charter97.org