Слуцк. Лукашэнка перамог, але з горшымі вынікамі

Згодна з афіцыйным пратаколам, на выбарчым участку №16 горада Слуцка Лукашэнка набраў 65%, а за Таццяну Караткевіч прагаласавалі 23,8% выбаршчыкаў. Пры тым, што Слуцк — не той горад, дзе кіпяць апазіцыйныя жарсці.



Галасаванне на дзень выбараў выбарчым участку №16 горада Слуцка, як і паўсюды, прайшло з адвечнымі атрыбутамі “ўсенароднага свята”. Працаваў, як заведзена, буфет, у адведзены час школа зазвінела маладымі галасамі ўдзельнікаў дзіцячага канцэрту.

Паводле сведчання назіральніка ад “Права выбару” Зінаіды Цімошак, ёй удалося ўбачыць падлік галасоў у дзень галасавання, і яе ўлік галасоў выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання супаў з лічбамі ў афіцыйным пратаколе камісіі.

Старшыня камісіі Гындзіна Л. І. спачатку насцярожана паставілася да маёй просьбы размясціцца непадалёку ад стала, дзе сябры камісіі павінны былі падлічваць бюлетэні, — гаворыць спадарыня Зінаіда. — Сталы для назіральнікаў стаялі у 5 метрах ад месца падліку галасоў, адтуль нельга было прасачыць, хто за каго прагаласаваў. Бюлетэні раскладваліся, як заўсёды, па прозвішчах, на агульны агляд не выстаўляліся. Спачатку старшыня камісіі не дазволіла мне перамясціцца, але калі я гэта ўсё-такі зрабіла, мяне не пасунулі з таго месца, дзе я застапарылася. Такім чынам, можна сказаць, што на маім участку мела месца вакханалія дэмакратыі, у адрозненне ад іншых участкаў.

Цікава, што ў дзень выбараў з 421 выбаршчыкаў за Лукашэнка прагаласавалі толькі 243 выбаршчыкаў, а за Таццяну Караткевіч аддалі галасы 124 выбаршчыкаў, паведамляе Зінаіды Цімошак.

Затое істотную колькасць галасоў прынесла Лукашэнку датэрміновае галасаванне. Аж 358 чалавек прыбеглі датэрмінова на ўчастак, 264 з іх былі прыхільнікамі нязменнага лідара.

Паводле словаў іншага назіральніка ад “Права выбару” — М. Дамарад, — праверыць сапраўднасць падліку галасоў на датэрміновым назіранні было немагчыма:

Выбарчы ўчастак №16 знаходзіўся ў гімназіі №1, дзверы памяшкання, дзе стаяла скрыня для датэрміновага галасавання, не апячатваліся. Многія сябры камісіі — настаўнікі гэтай жа школы, а сакратар камісіі — намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце. Выходзіць, што доступ да памяшкання быў фактычна свабодны. З аднаго боку, не схоплены за руку — не злодзей, а з другога — ёсць немалыя падставы для сумненняў. Напісалі некалькі заяваў на імя старшыні ўчастковай камісіі з просьбай аб лепшым захаванні выбарчай скрыні, напісалі і старшыні раённай камісіі — адказ быў адзін: усё робіцца добра, згодна з выбарчым заканадаўствам.

Таксама назіральнікі расказалі і аб іншых ляпах у гэтай кампаніі. Так, пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў некаторыя грамадзяне нават не ведалі аб тым, што яны запрасілі да сябе на дом сябраў камісіі. Іншыя ж з гэтага спісу “не хадзячых” бадзёра аб’явіліся самі на ўчастку і крыху здзівіліся, што да іх ўжо пайшлі.

На ўчастку былі зарэгістраваны ажно 9 назіральнікаў, 7 з якіх належалі да праўладных структур. Ад Камуністычнай партыі назіраў дзядуля 1921 года нараджэння, былы ваенны. Дарэчы, вельмі бадзёры і актыўны, выседзеў усе дні на адным месцы. Быў вельмі лаяльна настроены да выбарчай камісіі, перажываў за яўку выбаршчыкаў, а напрыканцы ледзь не пасварыўся са старшынёй з-за ціхага зачытвання пратаколу і з-за праблем са слыхам.

Адна з праўладных назіральніц грудзямі засланіла вывешаны выніковы пратакол, не даючы сфатаграфаваць яго незалежным назіральнікам. Толькі дзякуючы ўмяшанню старшыні ўчастковай камісіі ўдалося пасунуць жанчыну ад стэнда і аслабіць ваяўнічы настрой.

Ясны і лагодны настрой рускамоўных сябраў выбарчай камісіі і праўладных так званых "назіральнікаў" быў крыху падпсаваны мясцовым жыхаром — выбаршчыкам. Паказваючы сябе беларусам, ён запатрабаваў выканаць працэдуру выдачы бюлетэню па-беларуску і абвінаваціў усіх прысутных у знішчэнні самае Беларусі і ўсяго беларускага праз механізм гэтых выбараў.