Справа Ганны Шарэйкі: шкода ў 4 мільярды рублёў і катэдж
У чэрвені генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу адносна шэрагу службовых асобаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі па фактах злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганну Шарэйку пазбавілі недатыкальнасці і ўзялі 15 жніўня пад варту.
Пра гэта паведаміла намесьнік начальніка аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасцю Генпракуратуры РБ Лілія Дзенісенка.
Устаноўлена, што кіраўнікі птушкафабрыкі цягам некалькіх гадоў у складзе конкурснай камісіі прымалі рашэнні аб закупах кармоў і кармавых дабавак у замежнай камерцыйнай структуры па завышаных коштах.
Гэта нанесла птушкафабрыцы шкоду ў асабліва буйным памеры — больш за 4 млрд рублёў.
Паводле Генпракуратуры, гендырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка давала сябрам конкурснай камісіі незаконныя ўказанні, каб тыя прызнавалі пераможцам конкурсу адну з замежных
кампаніяў, з уладальнікам якой яна сябравала, паведамляе партал TUT.BY.
Таксама было ўстаноўлена, што ў выніку незаконных дзеянняў Шарэйка ў кароткія тэрміны пабудавала дарагі катэдж плошчай 240 кв. м, набыла дарагую бытавую і электронную тэхніку, «забяспечыла
сабе матэрыяльны дабрабыт у будучыні».
Пасля запыту генпракурора 14 жніўня на пазачарговай сесіі Савету Рэспублікі сенатары далі згоду на крымінальны пераслед свайго калегі — гендырэктара Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганны
Шарэйкі. У гэты дзень яе прызналі падазраванай у здзяйсненьні крымінальнага злачынства — злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Па гэтым артыкуле ёй пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення
волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.
Папярэдняе расследаванне па гэтай крымінальнай справе вядзе група следчых цэнтральнага апарату Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь.