Статкевіч з паплечнікамі ўсклаў кветкі да мемарыяла на бульвары Талбухіна ў Мінску
Днём 3 ліпеня апазіцыйныя актывісты на чале з палітыкам Мікалаем Статкевічам усклалі кветкі да мемарыяла савецкім воінам на бульвары Талбухіна ў Мінску. Гэтую акцыю раней анансаваў Статкевіч.
Да поўдня да згаданага месцы прыйшлі паўтара дзясятка чалавек з кветкамі і бел-чырвона белымі сцягамі. Да прысутных падыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія паказалі, што мерапрыемства не санкцыянавана. Тое, што адбываецца, фіксавалі на відэа супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным.
Статкевіч заявіў прысутным, што мэтай акцыі з'яўляецца напамін «аб сапраўдным сэнсе сённяшняй даты».
«Сёння дзень, які Беларусь дзесяцігоддзямі адзначала як дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскіх акупантаў. У 1996 годзе спадар Лукашэнка пайшоў на гнюсную нізкую падмену, прызначыўшы на гэты дзень на сфальсіфікававаным рэферэндуме свята незалежнасці, хоць у 1944 годзе ў гэты дзень Беларусь не выйшла са складу СССР і не стала незалежнай», — адзначыў Статкевіч у каментары БелаПАН.
«Была зганьбаваная памяць савецкіх воінаў, сотні тысяч якіх загінулі на нашай зямлі. Калі б гэтым людзям, будзь яны жывыя, якія родам з Расіі, з Каўказу, Сярэдняй Азіі, сказалі, што тут яны гінуць за тое, каб Беларусь выйшла з Савецкага Саюза і стала незалежнай, яны б адразу сталі страляць у адказ, — упэўнены палітык . — Яны гінулі зусім за іншае, і сёння мы спрабуем нагадаць беларускаму грамадству, які сапраўдны сэнс гэтага дня, і ўшанаваць памяць савецкіх воінаў, якія загінулі за вызваленне нашай краіны».
«Аб'яднаўшы два несумяшчальныя святы, Лукашэнка зганьбіў памяць іх абодвух. Як патрыётаў Беларусі, якія змагаліся за незалежнасць, так і савецкіх воінаў, якія змагаліся супраць Гітлера», — заявіў Статкевіч.
Пасля ўскладання кветак прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.
Статкевіч таксама паведаміў журналістам, што напярэдадні невядомыя разбілі акно ў аўтамабілі, прыпаркаваным у закрытым двары прыватнага дома, дзе ён жыве. Палітык звязвае гэты інцыдэнт з сённяшнім мерапрыемствам.
Па словах Статкевіча, падчас акцыі супрацоўнікі міліцыі спынялі людзей, якія выходзілі з пераходу станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» і ўдакладнялі іх дадзеныя.
Акцыя доўжылася каля паўгадзіны. На дадзены момант пра якія-небудзь затрыманні невядома.
naviny.by