У Беларусь завязуць расійскі «Орешник»?
Лукашэнку мала расійскай ядзернай зброі, ён гатовы размясціць на нашай тэрыторыі яшчэ і «Орешник» — зброю, якой РФ нядаўна ўдарыла па ўкраінскім Дняпры.
На саміце АДКБ у Астане Аляксандр Лукашэнка непакоіўся распадам міжнароднай сістэмы бяспекі, вінаваціў у гэтым «агрэсіўны Захад». Пачаў за здароўе, а скончыў за спачын: выказаў гатоўнасць размясціць у Беларусі новую расійскую зброю «Орешник», піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».
«Месцы гатовыя дыслакацыі. Калі?»
Уладзімір Пуцін выкарыстаў пляцоўку саміту, які прайшоў у казахстанскай сталіцы 28 лістапада, каб чарговым разам паказаць кулак Украіне і Захаду.
Магчымасці ракетнага комплексу «Орешник», аналагаў якому ў свеце, маўляў, няма, ён распісваў натхнёна, паэтычна: «Тэмпература паражальных элементаў дасягае 3 тыс. градусаў: калі мне памяць не здраджвае, на паверхні Сонца тэмпература 5,5-6 тыс. градусаў. Таму ўсё, што знаходзіцца ў эпіцэнтры выбуху, падзяляецца на фракцыі, на элементарныя часцінкі, ператвараецца, па сутнасці, у пыл».
Расійскі кіраўнік прыгразіў, што чарговымі цэлямі гэтага вундэрвафэ могуць стаць «цэнтры прыняцця рашэнняў у Кіеве».
З партнёраў Масквы па АДКБ на апяванне «Орешника» з энтузіязмам адрэагаваў толькі Лукашэнка.
Паводле яго, «зброя добрая. Не ядзерная зброя, а па сваёй моцы супастаўная з ядзернай зброяй. Але без пранікальнай радыяцыі, без заражэння мясцовасці і аб'ектаў» (так-так, вельмі гуманна).
Лукашэнка дадаў: «Я тут старэйшаму брату (маецца на ўвазе Пуцін. — А.К.) пажартаваў, кажу: “Месцы гатовыя дыслакацыі. Калі?" — "Падумаем" [адказаў Пуцін]». Так, ведаем мы вашы жартачкі.
Як вядома, раней Мінск і Масква абвясцілі, што ў Беларусі размешчаная тактычная ядзерная зброя РФ. Цяпер вось Лукашэнка гатовы паставіць тут і расійскі «Орешник». Што павышае рызыку атрымаць адказ, калі пачнецца сапраўдная заварушка.
Але Лукашэнка думае інакш. У яго логіцы чым больш нацягнуць сюды расійскай зброі, тым больш шанцаў, што праклятыя супастаты пабаяцца сунуцца. Гэта значыць, ён лічыць за лепшае сядзець на парахавой бочцы, каб захаваць сваю ўладу.
Між тым, казахстанскае кіраўніцтва пасля ўдару «Орешником» па ўкраінскім горадзе Днепр відавочна ўстрывожылася.
Урад правёў закрытую нараду, прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў даў падначаленым указанне прыняць тэрміновыя меры па забеспячэнні бяспекі асноўных ваенных і грамадзянскіх аб'ектаў «у сувязі з эскалацыяй сітуацыі вакол Украіны».
Тамтэйшыя аналітыкі робяць выснову, што Астана асцерагаецца ўдару ў адказ па расійскіх ваенных аб'ектах на тэрыторыі Казахстана. Куды трапяць ракеты — чорт яго ведае.
Хто правакуе гонку ўзбраенняў?
Пры гэтым беларускі кіраўнік у Астане звыкла вешаў усіх сабак на Захад: «...імкліва набірае абароты гонка ўзбраенняў. Працягвае мілітарызавацца ўсходнееўрапейскі рэгіён, асабліва Польшча. Ідзе натафікацыя Еўропы і свету ў цэлым».
Так, сапраўды, палякі сур'ёзна павялічваюць выдаткі на абарону і колькасць войска, мадэрнізуюць узбраенне. Аднак гэта рэакцыя на расійскую агрэсію супраць Украіны. У Польшчы, краінах Балтыі мяркуюць, што наступнымі ахвярамі могуць стаць яны.
Але пры гэтым Варшава ні разу не рабіла ваяўнічых, захопніцкіх заяў — насуперак рэфрэнам Лукашэнкі, што палякі хочуць адхапіць палову Беларусі.
А вось беларускі генерал Павел Муравейка, цяпер начальнік генштаба Узброеных сіл, пагражаў натаўскім суседзям прасячы «жыццёва важны» Сувалкскі калідор (на мяжы Польшчы і Літвы) «сілай зброі».
Дарэчы, той жа Муравейка назваў нядаўні ўдар «Орешником» па Дняпры «жэстам добрай волі і пасылам пра тое, што не трэба жартаваць з Расіяй».
Ну, ужо што-што, а гэта партнёры РФ па АДКБ выразна ўсяклі.
Так, і наконт гонкі ўзбраенняў, якую, у трактоўцы Лукашэнкі, раскручвае Захад. Гэты тэзіс у Астане абверг не хто іншы, як «старэйшы брат».
Пуцін казырнуў тым, што Расія вырабляе ў дзесяць разоў больш дальнабойных ракет, чым усе краіны NATO разам узятыя, прычым у 2025 годзе вытворчасць такіх ракет вырасце ў РФ яшчэ на 25-30%. А таксама — што ў Масквы ёсць яшчэ некалькі гатовых да ўжывання сістэм, падобных да «Орешника».
Дык хто правакуе гонку ўзбраенняў?
Дональд Трамп, трыумфатар нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, «наязджае» на Еўропу якраз за тое, што яна скупіцца на абаронныя выдаткі, ухіляецца ад адпаведных абавязацельстваў у рамках NATO.
І сапраўды, звыкся да камфорту, расслаблены доўгім перыядам міру на сваёй тэрыторыі (калі не лічыць Балканы) «Стары свет» цяпер толькі пакутліва прачынаецца, асэнсоўвае новыя рэаліі, думае над разгортваннем ВПК (дапамога Украіне агаляе ўласныя арсеналы гэтых краін).
А новыя рэаліі — гэта нахабная палітыка Крамля, які хоча здушыць слабавольны, з яго пункту гледжання, Захад, навязаць новы светапарадак з пазіцыі сілы.
Лукашэнка ж ідзе ў пары са «старэйшым братам». Пры гэтым кіраўнік Беларусі не думае катэгорыямі экспансіі, яму дастаткова самадзяржаўнай улады на «шматку зямлі», як ён называе сваю краіну. Але Лукашэнка вымушаны падыгрываць, падпяваць Маскве, з якой намёртва звязаў свой лёс дзеля ўтрымання ўласнага крэсла.
А калі прыляціць «атветка»?
У Астане Лукашэнка не мог не зачапіць Арменію, адзначыўшы ў сваім выступе яе адсутнасць на саміце. Маўляў, «гэта характарызуе бягучую геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне і ў нейкай ступені нашу арганізацыю». Калі прагучала нотка рэалізму.
Сапраўды, незалежныя аналітыкі даўно кажуць, што АДКБ — друзлая, мала на што здольная структура, у якой пад эгідай Крамля аб'яднаныя постсавецкія краіны з вельмі рознымі інтарэсамі.
Ерэван наогул жорстка пакрыўдзіўся на Маскву (не падтрымала ў канфлікце з Азербайджанам) і на Мінск (заняў, маўляў, бок Баку). Арменія замарозіла свой удзел у АДКБ, паціху адпаўзае ад імперыі і пазірае ў бок Еўропы.
Цэнтральнаазіяцкія чальцы гэтага альянсу, напэўна, таксама не ў захапленні ад пуцінскага ваяўнічага імперыялізму. Але гэтыя краіны цесна звязаныя з РФ эканамічна. Асабліва залежныя ў гэтым плане адкрыта бедныя Таджыкістан і Кыргызстан. У таджыкаў яшчэ адна балючая праблема — афганская мяжа. Таму паблізу яе размешчаная расійская ваенная база. Ёсць такія базы і на кыргызскай тэрыторыі.
Кіраўніцтва ж Казахстана вымушана лавіраваць, утрымліваць геапалітычны баланс (перш за ўсё, паміж Масквой і Пекінам). У гэтай краіне добра памятаюць выпады расійскіх палітыкаў-імперцаў кшталту таго, што трэба «дэнацыфікаваць» і Казахстан. На фоне таго, як Пуцін распраўляецца з непакорлівай Украінай, Астане даводзіцца праяўляць максімум дыпламатыі, асцярожнасці.
Але відавочна, што гэтыя дзяржавы не хочуць уступаць у канфрантацыю з Захадам, лезці ў адзін акоп з Пуціным. Так што ўсе заклікі да ўмацавання АДКБ, якія прагучалі ў Астане, павісаюць у паветры.
У адным акопе з Пуціным — толькі Лукашэнка. Ды і той, у адрозненне ад Кім Чэн Ына, сваіх салдат на ўкраінскі фронт лічыць за лепшае не пасылаць.
Цяпер, калі ідзе перадвыбарчая кампанія, кіраўнік спрабуе зарысавацца захавальнікам мірнага неба над галовамі беларусаў. Аднак намер прыцягнуць у краіну яшчэ і расійскі «Орешник» з гэтым тэзісам дрэнна вяжацца.
Пуцін паэтычна апісвае, як будзе плавіцца зямля пры ўдары па ворагах. Але гэтак жа будзе плавіцца пры «атветцы» і тая зямля, з якой удараць гэтымі ракетамі.