1010-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: масіраваны ўдар па Адэсе і пажар на нафтабазе пад Растовам

Абаронцы Украіны другі раз ударылі па нафтабазе «Атлас», якая забяспечвае палівам расійскую армію, а таксама паразілі зенітны комплекс «Бук М-3» і радыёлакацыйны комплекс «Заапарк».

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

«The Economist» піша, што Францыя баіцца, што пры Трампе Вашынгтон і Масква могуць дамовіцца наконт мірных перамоўх па Украіне без уліку ўкраінскіх і еўрапейскіх інтарэсаў.

Выданне дадае, што ў выпадку заключэння мірнай дамовы ідэя працягваць дапамагаць Кіеву можа хутка пазбавіцца палітычнай падтрымкі на Захадзе.

Трамп можа паспрабаваць заключыць лёгкую ўгоду, спалучаючы «пернікі для Расіі і пугі для Украіны»: зняць санкцыі з РФ і спыніць пастаўкі зброі Кіеву. Калі Украіна абрынецца, ён проста абвінаваціць Байдэна.

***

Масавае дэзерцірства ва УСУ «паралізуе баявыя планы Украіны» ў «вырашальны момант вайны» і ставіць яе ў нявыгаднае становішча напярэдадні магчымых мірных перамоваў, піша «Салідарнасць» са спасылкай на AP і «Палітыку краіны».

Паводле слоў ваенных камандзіраў і салдат, цэлыя падраздзяленні пакінулі свае месцы і абарончыя лініі, паскорыўшы тэрытарыяльныя страты.

Сярод прычын выданне згадвае «недасканалую мабілізацыйную кампанію», «перанапружанне і спусташэнне перадавых падраздзяленняў».

«Шчыра кажучы, мы ўжо выціснулі са сваіх людзей максімум», — кажа афіцэр 72-й брыгады. Паводле яго слоў, дэзерцірства стала адной з галоўных прычын страты Вугледара ў кастрычніку.

Паводле звестак Генпракуратуры, з моманту ўварвання РФ больш за 100 тысяч вайскоўцаў былі абвінавачаныя ў дэзерцірстве. Амаль палова з іх дэзерціравала толькі за апошні год, калі пачалася сілавая мабілізацыя па новых правілах. Урадавыя чыноўнікі і ваенныя камандзіры Украіны прызнаюць, што яна «правалілася».

Рэальная колькасць дэзерціраў можа быць да 200 тыс. «Гэта ашаламляльна вялікая колькасць па любых мерках, паколькі да пачатку мабілізацыйнай кампаніі ў баях удзельнічала каля 300 тыс. украінскіх салдат», — каментуе АР.

Напярэдадні Зяленскі падпісаў закон, паводле якога вайскоўцы, якія дэзерціравалі, змогуць вярнуцца на службу без пакарання.

***

Былая канцлерка Германіі Ангела Меркель заявіла, што Расія «не павінна выйграць вайну», а таксама заклікала прадумваць дыпламатычныя рашэнні, піша «Bild».

Меркель заклікала Украіну і яе прыхільнікаў улічваць дыпламатычныя рашэнні ў імкненні да завяршэння вайны.

«Расія не павінна выйграць гэтую вайну», — заявіла яна ў ток-шоў Майбрыт Ільнер на канале «ZDF». «Гэта абуральнае парушэнне міжнароднага права, якое ўчыніў ён [Пуцін] у дачыненні да Украіны», — падкрэсліла былая канцлерка ФРГ.

Аднак Меркель таксама адзначыла: «Трэба заўсёды паралельна прадумваць і дыпламатычныя рашэнні». Гэтыя рашэнні, паводле яе слоў, не абавязкова ўжываць проста цяпер. Калі наступіць зручны момант, гэта павінны сумесна абмеркаваць усе бакі: Украіна і яе прыхільнікі.

***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 207 баявых сутыкненняў. Больш актыўна за ўсё расійскія захопнікі дзейнічалі на Пакроўскім і Курахоўскім кірунку, дзе абаронцы Украіны агулам адбілі 104 атакі ворага, паведамляе Генштаб УСУ.

«У ноч на 29 лістапада 2024 года (з 18.30 28 лістапада) праціўнік атакаваў Украіну 132 ударнымі БПЛА тыпу "Shahed" і беспілотнікамі неўстаноўленага тыпу з кірункаў — Арол, Мілерава, Курск, Прыморска-Ахтарск, РФ.

Паводле стану на 09.00, супрацьпаветранай абаронай збіта 88 варожых беспілотнікаў у Кіеўскай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Сумскай, Харкаўскай, Палтаўскай, Жытомірскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай, Адэскай і Мікалаеўскай абласцях.

Паводле даных паветранікаў, 41 БпЛА быў лакацыйнай страчаны, верагодна, праз актыўнае процідзеянне РЭБ Сіл абароны, 1 беспілотнік вярнуўся ў Расію».

Таксама Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты РФ — толькі за мінулыя суткі яны абясшкодзілі 2 030 акупантаў і больш за 300 адзінак узбраення і вайсковай тэхнікі расійцаў. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 29.11.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 738 660 (+2 030) чалавек;
  • танкаў — 9 458 (+8) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 19 339 (+33) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 20 886 (+34) адз.;
  • РСЗА — 1 255 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 1 006 (+1) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 19 750 (+89) адз.;
  • крылатых ракет — 2 851 (+86) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 30 272 (+86) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 700 (+3) адз.

***

Раніцай 29 лістапада дрон расійцаў ударыў па Дняпроўскім раёне Херсона, у выніку чаго загінула мясцовая жыхарка, паведамляе Херсонская АВА ў Telegram.

«Сёння раніцай пад удар расійскага дрона ў Дняпроўскім раёне папала жыхарка Херсона».

Паведамляецца, што ў выніку выбуху жанчына атрымала смяротныя раненні і загінула на месцы.

***

У ноч на 29 лістапада расійскія войскі атакавалі беспілотнікамі Адэскую вобласць, у выніку чаго пацярпелі 7 жыхароў, таксама вораг папаў па прыпартовай і транспартнай інфраструктуры вобласці.

Як піша кіраўнік Адэскай вобласці Алег Кіпер у Telegram, «у выніку абстрэлу сем чалавек атрымалі раненні. Чатырох пацярпелых шпіталізавалі, сярод іх адна жанчына ў цяжкім стане, астатнія — у стане сярэдняй ступені цяжкасці. Траім параненым аказана дапамога на месцы».

Паведамляецца, што ў трох населеных пунктах Адэскага раёна пашкоджаны 13 жылых і дачных дамоў, гаражы, чыгуначная інфраструктура, надворныя пабудовы, газавая труба і аўтамабіль.

***

У расійскім Мінабароны заявілі, нібыта ўначы тэрыторыю РФ атакавалі блізу 50 дронаў.

Расійскае ваеннае кіраўніцтва адзначае, нібыта іх СПА знішчыла 47 беспілотнікаў.

У прыватнасці, гаворыцца ў паведамленні, 29 БпЛА нібыта знішчана над тэрыторыяй Растоўскай вобласці, 8 — над тэрыторыяй Краснадарскага краю, па тры — над тэрыторыямі Белгародскай, Бранскай і Варонежскай абласцей і адзін — над акупаваным Крымам.

***

У Растоўскай вобласці паведамляюць пра масіраваную атаку дронаў, сацсеткі пішуць пра пажар на нафтабазе ў прыгарадзе горада Каменск-Шахцінскі.

Губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар заявіў, што Растоўскую вобласць атакавалі 30 беспілотнікаў. Паводле яго слоў, гэтыя дроны нібыта былі знішчаныя і задушаныя на паўночным захадзе вобласці.

Разам з тым расійскія паблікі паведамляюць пра пажар на нафтабазе ў прыгарадзе горада Каменск-Шахцінскі. Адзначаецца, што гэта нафтабаза «Атлас», якую летам паразілі ўкраінскія беспілотнікі.

ФГКУ «Камбінат "Атлас"» Упраўлення Федэральнага агенцтва па дзяржаўных рэзервах па Паўднёвай федэральнай акрузе спецыялізуецца на пастаўцы нафтапрадуктаў для УС РФ. Як адзначаецца ў расійскіх СМІ, у жніўні 2020 года на базе камбіната адбыліся сумесныя вучэнні Мінабароны РФ і Расрэзерва ў рамках вучэнняў «Каўказ-2020».

У паказальных вучэннях па водпуску нафтапрадуктаў для патрэб арміі адпрацоўвалі тры спосабы: аўтамабільны, чыгуначны і трубаправодны.

Тым часам Генштаб УСУ пацвердзіў, што Сілы абароны Украіны ў ноч на 29 лістапада другі раз за год разбілі нафтабазу ў Растоўскай вобласці і знішчылі радыёлакацыйную станцыю ЗРК «Бук-М3» расійскіх акупантаў:

«У ноч на 29 лістапада нанесены ўдар па нафтабазе "Атлас", што ў Растоўскай вобласці РФ. У выніку паражэння ўзнік пажар на тэрыторыі аб'екта, фіксуецца як мінімум два ачагі ўзгарання».

Акрамя гэтага была знішчана радыёлакацыйная станцыя зенітнага ракетнага комплекса «Бук-М3». Цэль знаходзілася на часова акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці.

Заданне выканана падраздзяленнямі сіл беспілотных сістэм, сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны і ГУР ва ўзаемадзеянні з іншымі складнікамі Сіл абароны.

***

Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны падзялілася кадрамі знішчэння каштоўнага радыёлакацыйнага комплекса ворага — «Заапарк».

Воіны падраздзялення «Крылы», якое ўваходзіць у Дэпартамент актыўных дзеянняў ГУР МА Украіны, выявілі і нанеслі ўдар па радыёлакацыйным комплексе расійскіх акупантаў «Заапарк».


Крыніца: Головне управління розвідки МО України [ youtube ]

Паводле даных выведчыкаў, кошт такога комплексу складае арыенціровачна 2,4 млн. долараў.

Для знішчэння расійскага «Заапарка» выведнікі ўжылі чатыры дальнабойныя FPV-дроны коштам каля 2,5 тыс. долараў.

Даныя пра кірунак і часавыя рамкі эфектыўнай баявой працы не раскрываюцца.