1003-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: па Сумах ударылі беспілотнікі са шрапнеллю — гэта ўпершыню
Расія працягвае вырабляць і выкарыстоўваць усё больш смертаносную зброю для ўдараў па Украіне. За мінулыя суткі яна ўпершыню выкарыстала межкантынентальную балістычную ракету і дроны са шрапнеллю.
***
Амерыканскія выведвальныя службы і органы нацыянальнай бяспекі перасцерагаюць абаронныя кампаніі ЗША наконт спроб расійскіх суб'ектаў сабатаваць іх дзейнасць у краіне і за мяжой, паведамляе «Bloomberg», бюлетэнь амерыканскіх разведвальных ведамстваў
Паводле паведамлення Нацыянальнага цэнтра контрвыведкі і бяспекі, ФБР і Міністэрства абароны, расійскія спецслужбы могуць спрабаваць вербаваць «інсайдараў» абароннай прамысловасці ЗША. Супрацоўнікаў прадпрыемстваў перасцерагаюць ад кантактаў са староннімі асобамі, якія спрабуюць наладзіць кантакты на тэрыторыі прадпрыемстваў або з'яўляюцца ў забароненых месцах.
«Амерыканскія кампаніі, асабліва тыя, якія падтрымліваюць арганізацыі, уцягнутыя ў канфлікт ва Украіне ці іншыя бягучыя геапалітычныя канфлікты як перадавая практыка, павінны павысіць пільнасць і ўзмацніць меры бяспекі».
Ведамствы адзначаюць, што расійскія спецслужбы ўсё часцей звяртаюцца да агрэсіўных метадаў, у прыватнасці, прыцягваючы злачынцаў для арганізацыі падпалаў, кібератак і іншых дыверсій у Еўропе.
«Сабатажная дзейнасць Расіі ў Еўропе стварае пагрозу для амерыканскіх кампаній за мяжой і патэнцыйна ўнутры краіны», — заявілі агенцтвы.
Адзначаецца, што дыверсіі Расіі дагэтуль былі накіраваныя пераважна на еўрапейскія цэлі, уключаючы сарваную змову з мэтай забойства генеральнага дырэктара нямецкага вытворцы зброі «Rheinmetall AG» у ліпені. Аднак усё часцей у цэнтры ўвагі аказваюцца ЗША. Прадстаўнікі еўрапейскіх і амерыканскіх спецслужб лічаць, што менавіта Масква стаяла за спробамі падпалу грузавых самалётаў, якія накіроўваліся ў Паўночную Амерыку.
Амерыканскія і еўрапейскія кампаніі актыўна нарошчваюць вытворчасць узбраенняў, такіх як боепрыпасы і ракеты, для паставак ва Украіну і папаўнення ўласных запасаў. Такія кампаніі, як «Rheinmetall», нарвежская «Nammo AS» і амерыканская «Northrop Grumman Corp.», заключылі дагаворы непасрэдна з украінскімі вытворцамі для падтрымкі іх вытворчасці.
***
Ваенныя аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» лічаць, што заявы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна дэманструюць непаслядоўнасць у вызначэнні «чырвоных ліній», што ставіць пад сумнеў яго гатоўнасць да эскалацыі.
Аналітыкі мяркуюць, што Пуцін у сваёй заяве ад 21 лістапада дэманструе, што рыторыка Масквы аб эскалацыі ў асноўным застаецца толькі словамі.
Нядаўнія пагрозы Пуціна былі накіраваныя супраць заходніх краін, якія дазволілі Украіне наносіць дальнабойныя ўдары па «расійскай тэрыторыі». Аднак украінскія войскі даўно наносяць удары па акупаваных тэрыторыях, якія Крэмль незаконна абвяшчае часткай Расіі, уключаючы Крым, анэксаваны ў 2014 годзе. Аналітыкі адзначаюць, што Украіна рэгулярна атакуе Крым амерыканскімі ракетамі ATACMS і брытанскімі «Storm Shadow», пачынаючы з красавіка 2023 года.
Аналітыкі ISW адзначаюць, што рыторыка Крамля пра «чырвоныя лініі» ўвесь час мяняецца, што падрывае яе эфектыўнасць. Расійскія ўлады неаднаразова пагражалі мерамі ў адказ на падтрымку заходнімі краінамі Украіны, але ні разу не рэалізавалі абяцанага.
«Раней Пуцін пагражаў адплатай за выдачу Украіне рэактыўнай артылерыі, танкаў, баявых самалётаў і магчымасці наносіць удары па Расіі, але кожны раз мяняў арыенціры, калі Захад кідаў выклік яго блефу».
***
Тэлеканал CNN атрымаў ад крыніцы ва ўкраінскіх сілах бяспекі фота, на якіх, як сцвярджаецца, прадстаўлены абломкі ракеты, якой расійскія войскі ўдарылі па Дняпры 21 лістапада.
«Крыніца ва ўкраінскіх сілах бяспекі прадаставіла фотаздымкі абломкаў, якія засталіся пасля атакі на горад Днепр. Кіеў абвінаваціў Расію ў запуску міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) па Украіне, што, верагодна, стане першым выпадкам прымянення Масквой такой зброі за больш чым 1000 дзён вайны.
Фрагменты, выяўленыя на фота, не абавязкова адносяцца да адной ракеты, паведаміла крыніца».
Паведамляецца, што неназваны заходні чыноўнік выказаў сумнеў, што ракета была МБР.
Тэлеканал звярнуўся да экспертаў па ўзбраенні з просьбай праглядзець фотаздымкі з мэтай прадастаўлення незалежнага аналізу тыпу выкарыстанай ракеты.
Адзначаецца, што на месцы падзення ракеты, якую кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін назваў найноўшай распрацоўкай расійскай «абаронкі», выявілі дэталь, якая выраблялася для ракеты «Булава».
«Серыйная вытворчасць гэтай ракеты працягваецца з канца 2000-х гадоў. Гэта можа сведчыць пра тое, што ў ракеце, якую ўжыло ў чацвер расійскае войска, могуць выкарыстоўвацца не такія новыя тэхналогіі, як расказваў Пуцін у сваім відэазвароце», — адзначаюць аналітыкі.
Журналіст «Радыё Свабода» Марк Крутаўзвярнуў увагу на нумары дэталі, прысвоеныя ёй падчас вытворчасці. З іх дапамогай журналіст змог выявіць на сайце дзяржзакупак дамову ад 2013 года на распрацоўку рабочай дакументацыі для падрыхтоўкі серыйнай вытворчасці запчастак для комплексу «ЗК-30» — іншая назва міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-30 «Булава».
Адзначаецца, што ракета «Булава» не самая новая ў арсенале расійскай арміі. Яе распрацоўка пачалася яшчэ ў 1990-я гады, у 2005 годзе адбыліся яе выпрабаванні, у 2007-м пачаўся серыйны выпуск, у 2012-м яе прынялі на ўзбраенне. Выкарыстанне дэталяў ад «Булавы» ў «найноўшай» расійскай ракеце можа ставіць пад сумнеў, што яна выкарыстоўвае сапраўды новыя тэхналогіі.
Тым часам выданне «Financial Times» са спасылкай на неназванага ўкраінскага вайсковага чыноўніка напісала, што Расія 21 лістапада нанесла ўдар па Дняпры міжкантытэнтальнай балістычнай ракетай РС-26 «Рубеж».
«Расійскі (кіраўнік) заявіў, што ракета "Орешник" была выкарыстаная для паражэння завода ў Дняпры, які раней быў звышсакрэтным ракетабудаўнічым аб'ектам Савецкага Саюза.
Аднак высокапастаўлены ўкраінскі вайсковы чыноўнік сказаў "Financial Times", што гэта была ракета РС-26 "Рубеж", якая мае радыус дзеяння да 6000 км».
Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны, 21 лістапада Расія нанесла ўдар па тэрыторыі Украіны, насамрэч ужыўшы балістычную ракету — імаверна з саставу ракетнага комплекса «Кедр».
Падлётны час гэтай расійскай ракеты з моманту запуску ў Астраханскай вобласці да пападання ў горадзе Днепр склаў 15 хвілін.
На ракеце было ўстаноўлена шэсць баявых частак: кожная абсталявана шасцю суббоепрыпасамі. Хуткасць на канчатковым участку траекторыі — больш за 11 махаў.
Да распрацоўкі мабільнага ракетнага комплекса «Кедр» прыцягнуты шэраг прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплекса Расіі:
- АТ «Карпарацыя "Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі"» (г. Масква);
- АТ «Федэральны навукова-вытворчы цэнтр "Тытан-барыкады"» (г. Валгаград);
- АТ «Галоўнае адмысловае канструктарскае бюро "Пражэктар"» (г. Масква);
- АТ «Канцэрн "Сузор'е"» (г. Варонеж);
-АТ «Навукова-вытворчае прадпрыемства "Спецэнергамеханіка"» (г. Масква);
- ТАА «Навукова-даследчы цэнтр спецтэхнікі і канверсіі "Кантынент"» (г.Масква).
Выпрабаванні ракетнага комплекса «Кедр» праходзілі на 4-м дзяржаўным цэнтральным міжвідавым палігоне РФ (г. Капусцін Яр, Астраханская вобл.) у кастрычніку 2023-га і чэрвені 2024 года.
***
Расія паставіла Паўночнай Карэі зенітныя ракеты ў абмен на адпраўку войскаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, піша «Associated Press».
У пятніцу Шын Вон Сік, міністр абароны Паўднёвай Карэі, у эфіры тэлепраграмы «SBS» заявіў, што Расія прадаставіла зенітныя ракеты і іншае абсталяванне для ўзмацнення сеткі супрацьпаветранай абароны Пхеньяна.
Таксама, паводле яго, Расія дала Паўночнай Карэі разнастайную эканамічную дапамогу.
Выданне адзначае, што Сеул і Вашынгтон выказалі занепакоенасць адносна магчымай перадачы Расіяй адчувальных ядзерных і ракетных тэхналогій Паўночнай Карэі.
***
Выведка Вялікабрытаніі назвала масіраванае выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) ключавой падзеяй, якая змяніла характар вайны РФ супраць Украіны.
Як адзначаюць брытанскія аналітыкі, шматлікія атакі з дапамогай ударных БПЛА, верагодна, далі Расіі прастору і час для аднаўлення свайго парку самалётаў далёкай авіяцыі і звязаных з імі запасаў крылатых і балістычных ракет.
Канчатковы эфект заключаецца ў тым, што карціна супрацьпаветранай абароны Украіны становіцца ўсё больш напружанай, складанай і цяжкай.
З дапамогай гэтай камбінацыі сістэм расійцы ўвесь час наносяць удары па крытычна важных аб'ектах нацыянальнай інфраструктуры і авіябазах Украіны, якія чакаюцца і гэтай зімой, паколькі Расія спрабуе зламаць волю ўкраінскага народа, адзначаюць у ведамстве.
Акрамя таго, у сярэдзіне і напрыканцы верасня Украіна паспяхова выкарыстала БПЛА супраць ваенных цэляў у Расіі, нанёсшы ўдары па чатырох расійскіх складах стратэгічных боепрыпасаў за сотні кіламетраў ад Украіны.
Агульны танаж знішчаных боепрыпасаў на гэтых аб'ектах уяўляе сабой найбольшую страту боепрыпасаў, пастаўленых Расіяй і Паўночнай Карэяй за час вайны, адзначаюць у ведамстве.
«Гэтыя атакі яшчэ раз падкрэсліваюць няздольнасць Расіі абараніць стратэгічныя ваенныя аб'екты ад нападаў украінскіх БПЛА», – падкрэсліваецца ў аглядзе.
Асобна брытанская выведка паказала, што нягледзячы на тэхналагічную і колькасную перавагу, РФ за 1000 дзён поўнамаштабнай вайны не змагла атрымаць перавагу ў паветры над Украінай.
Акрамя таго, Расія звярнулася да выкарыстання сваёй авіяцыі тактычнага ўзроўню, напрыклад самалётаў Су-34, у якасці паветранай артылерыі.
У ведамстве таксама адзначалі, што паспяховыя дзеянні Украіны супраць Чарнаморскага флоту РФ прывялі да знішчэння каля чвэрці яго буйных судоў, уключаючы флагман, і прымусілі залазіць ва ўсходнюю частку акваторыі.
***
За мінулыя суткі на ўсіх кірунках фронту адбылося 190 баявых сутыкненняў, 79 нападаў расійцаў абаронцы Украіны адбілі на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках. На Курскім плацдарме было адбіта 30 нападаў ворага, паведамляе Генштаб УСУ.
Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты РФ — толькі за мінулыя суткі яны абясшкодзілі больш за тысячу захопнікаў і дзясяткі адзінак тэхнікі. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 22.11.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 728 300 (+1 050) чалавек;
- танкаў — 9 399 (+1) адз.;
- баявых браніраваных машын — 19 156 (+13) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 20 736 (+5) адз.;
- РСЗА — 1 254 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 1 004 (+1) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 19 260 (+1) адз.;
- крылатых ракет — 2 764 (+8) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 29 777 (+32) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 675 (+1) адз.
***
У горадзе Сумы прагрымела некалькі магутных выбухаў, у выніку якіх загінулі два чалавекі, яшчэ 12 атрымалі раненні, паведаміў в.а. Сумскага гарадскога галавы Арцём Кабзар.
«У горадзе Сумы прагрымела некалькі магутных выбухаў. Ужо ёсць загінулы чалавек».
Пазней Кабзар дадаў, што «на месцы дзе прагрымеў другі выбух таксама ёсць загінулы чалавек».
Паведамляецца таксама, што расійскія ўдарныя дроны-камікадзэ тыпу «Shahed», якія атакавалі Сумы, былі начыненыя шрапнэллю.
Крыніца: начальнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Уладзімір Арцюх, якога цытуе" Суспільне", Сумская абласная пракуратура
«"Шахіды", якімі білі па Сумах, былі падрыхтаваныя шрапнэллю. Гэта зброя ўжываецца для знішчэння людзей, а не для знішчэння аб'ектаў. У Сумах гэта ўпершыню».
***
Расійскія войскі раніцай 22 лістапада нанеслі ўдар па пасёлку Краснаторка на ўскраіне Краматорска Данецкай вобласці, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, два чалавекі былі параненыя, напісаў кіраўнік Данецкай вобласці Вадзім Філашкін у Telegram.
«Пасёлак папаў пад варожы агонь сёння раніцай. Паводле папярэдняй інфармацыі, адбылося 6 удараў».
Паводле слоў Філашкіна, на месцы працуюць усе адказныя службы, дакладныя наступствы абстрэлу ўстанаўліваюцца.
У Данецкай абласной пракуратуры расказалі, што акупанты нанеслі ўдар па Краматорску а 10:16 — па жылой забудове.
Ад цялесных пашкоджанняў, несумяшчальных з жыццём, загінула 41-гадовая жанчына. Яшчэ двое мужчын 34 і 39 гадоў атрымалі асколачныя раненні. Пацярпелым аказваецца кваліфікаваная медыцынская дапамога.
У выніку варожай атакі ў населеным пункце пашкоджаны жылыя дамы і аўтатранспарт. Тып выкарыстанай зброі устанаўліваецца.
***
Падчас расійскіх абстрэлаў у ноч на 16 лістапада і раніцай 17 лістапада былі пашкоджаныя чатыры электрычныя падстанцыі, якія МАГАТЭ вызначыла як важныя для ядзернай бяспекі Украіны. Пра гэта гаворыцца ў заяве генеральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі.
Паводле слоў гендырэктара МАГАТЭ, рызыкі для ўкраінскіх АЭС сталі відавочнымі на мінулых выхадных, калі энергетычная інфраструктура па ўсёй краіне падвергнулася маштабным расійскім ударам.
«Чатыры з гэтых падстанцый і іх лініі электраперадач зноў пацярпелі ад абстрэлаў у ноч на 16 лістапада і рана раніцай 17 лістапада, што прымусіла дзеючыя ўкраінскія АЭС знізіць магутнасць у якасці меры засцярогі», — заявіў Гросі.
«Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі» (МАГАТЭ) вызначыла гэтыя падстанцыі як важныя для ядзернай бяспекі.
Гросі дадаў, што апошнія дні дзеючыя ўкраінскія АЭС паступова пачалі аднаўляць свае лініі электраперадач і павялічваць вытворчасць электраэнергіі, але ў чацвер раніцай зноў зніжалі вытворчасць электраэнергіі ў якасці меры засцярогі, аднавіўшы яе пасля.
***
22 лістапада расійскія войскі атакавалі Дняпроўскі раён Дняпра, у выніку ўдару падвергнулася разбурэнням гарадская інфраструктура, паведаміў старшыня Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак.
«Расійская армія атакавала Дняпроўскі раён. Пашкоджана інфраструктура. Цяпер усе дэталі ўдакладняем».
Лысак заклікаў жыхароў вобласці не грэбаваць сігналамі паветранай трывогі.
***
Партызаны руху «Атэш» дапамаглі ўкраінскім вайскоўцам нанесці ўдар па расійскім падраздзяленні аператараў ударных БПЛА на Тарэцкім кірунку Данецкай вобласці.
У паведамленні гаворыцца, што паўгода таму агент руху падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі РФ, пасля чаго быў накіраваны ў навучальны цэнтр аператараў беспілотных лятальных апаратаў. Пасля навучання ён быў размеркаваны ў адну з брыгад на адпаведную пасаду і накіраваны ў зону баявых дзеянняў на часова захопленай тэрыторыі Данецкай вобласці.
«Увесь гэты час ён перадаваў Сілам абароны Украіны аператыўную інфармацыю, у тым ліку і даныя аб размяшчэнні штабоў і складоў з боепрыпасамі.
Сярод прадастаўленай інфармацыі, было і паведамленне пра планы наступу варожага падраздзялення на Тарэцкім кірунку. Было раскрыта месцазнаходжанне аператараў ударных БПЛА, па якіх быў нанесены ўдар, у выніку чаго двое захопнікаў былі ліквідаваныя, яшчэ трое – параненыя».