У Мінску плануецца правесці кангрэс прарасійскіх партыі Еўропы
У акаўнтах Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя аб тым, што ў Мінску рыхтуецца Кангрэс патрыятычных партый Еўропы.
Чакаюцца прадстаўнікі Нацыянальнага фронту Францыі, Партыі свабоды Аўстрыі, «Альтэрнатывы для Германіі», «Адзінай Расіі» і яшчэ больш за 15 партый Еўропы.
Нацыянальны фронт Францыі — нацыяналістычная партыя, якую ўзначальвае Марын Лё Пэн. Партыя мае 8 месцаў у парламенце з 577. Гэта папулісцкая партыя, якая набірае галасы дзякуючы выступам супраць мігрантаў. Марын Лё Пен падчас крымскіх падзей 2014 года назвала Пуціна «абаронцам хрысціянскай спадчыны еўрапейскай цывілізацыі». Гэтая партыя шмат крытыкуе Еўрасаюз.
Аўстрыйская партыя свабоды таксама лічыцца папулісцкай і ўльтраправай. І гэтая партыя таксама дасягае поспеху, перш за ўсё, вядзеннем агітацыі супраць мігрантаў. У гады, калі партыяй кіраваў радыкальны Ёрг Хайдэр, АПС набірала да 27% галасоў на парламенцкіх выбарах. Хайдэра ў Аўстрыі называлі «адвакатам нацызму».
Пры гэтым Аўстрыйская партыя свабоды дэманструе стабільна высокія вынікі на выбарах. Партыя еўраскептычна. У канцы 2016 года яна заключыла дамову аб супрацоўніцтве з «Адзінай Расіяй» Пуціна.
«Альтэрнатыва для Германіі» — еўраскептычная партыя, якая стала трэцяй на апошніх выбарах у нямецкі парламент. Асаблівую папулярнасць партыя мае ў былой ГДР. «Альтэрнатыва» настойвае на выхадзе Германіі з зоны еўра. Але яны не выступаюць за роспуск Еўрасаюза, лічачы яго карысным для краіны. Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель шкадавала, што «Альтэрнатыва» магла перацягнуць на свой бок вялікую колькасць выбаршчыкаў з кансерватыўнымі або невызначанымі поглядамі.
Намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч на пытанне, чаму яго партыя збірае ў Мінску еўрапейскіх нацыяналістаў, адказаў:
«Я адмаўляюся размаўляць з правымі партыямі крайняга толку — толькі правацэнтрысцкімі. Правацэнтрысцкія партыі вельмі добра ставяцца да Беларусі, заўсёды выступалі супраць санкцый і за эканамічнае супрацоўніцтва.
Ну а іх падабенства з ЛДП у тым, што мы прыхільнікі жорсткага адстойвання сваіх нацыянальных інтарэсаў паўсюль: і на Захадзе, і ў ЕАЭС. З радыкальнымі правымі партыямі мы супрацоўнічаць ніколі не станем. Мы таксама не закрываемся ад прадстаўнікоў сацыял-дэмакратыі і кіруючых партый Еўропы.
Мне падабаецца, што гэтыя партыі стаяць перш за ўсё за інтарэсы краіны — гэта здаровы нацыяналізм, які прыраўноўваецца да патрыятызму. Мы не падтрымліваем заклікі да развалу Еўрасаюза, гэта нявыгадна Беларусі. Нам выгадная моцная Еўропа. Не распад, а рэфармаванне», — сказаў Гайдукевіч.
Пакуль дакладна невядома, калі адбудзецца гэты Кангрэс. Мяркуецца, што ў другой палове гэтага года.
Паводле thinktanks.by