У Мінгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне ў Мінску Марша незалежнасці

Заяўка на правядзенне Марша незалежнасці пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 красавіка. Арганізатары маршу плануюць правесці яго 14 мая.



gubarevich_yuri.jpg

У заяўцы запытваецца дазвол на правядзенне шэсця ад пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі да плошчы Незалежнасці па праезнай частцы праспекта, а таксама мітынгу на плошчы Незалежнасці.

Ініцыятарам Марша незалежнасці выступіў рух «За свабоду». Заяўнікамі з’яўляюцца Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец, Сяргей Вазняк, Ігар Лялькоў і Дзяніс Садоўскі.

Як растлумачыў БелаПАН намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, ідэя Марша незалежнасці нарадзілася пасля заяў кіраўніка дзяржавы, што прагучалі красавіка 22 падчас яго паслання да народа і парламента.

«Мы лічым, што склалася сітуацыя, калі апазіцыя і ўлада сталі казаць аб незалежнасці адны і тыя ж словы. У сваім пасланні Аляксандр Лукашэнка казаў аб незалежнасці як пра каштоўнасці»,—- растлумачыў Губарэвіч.

Паводле яго слоў, пасля такіх выказванняў кіраўніка дзяржавы «мы хацелі б убачыць дзеянні ўладаў, якія пацвярджаюць, што яны гатовыя пайсці на дыялог з грамадствам, так як у расколатым стане яно не гатова эфектыўна супрацьстаяць знешніх пагрозам».

Юрась Губарэвіч лічыць, што ўлада павінна «не на словах, а на справе даказаць «гатовасць абараняць незалежнасць і спрыяць кансалідацыі грамадства».

«Улады павінны не толькі дазволіць акцыю, але і далучыцца да яе, бо менавіта 14 мая 1995 года прайшоў рэферэндум па дзяржаўнай сімволіцы, які і паклаў пачатак расколу грамадства», — падкрэсліў намеснік старшыні руху «За свабоду».