У СССР былі рэпрасаваныя каля 500 мільёнаў чалавек
Не менш за 500 мільёнаў жыхароў СССР былі рэпрэсаваныя камуністычным рэжымам, заявіў 22 жніўня ў Мінску вядомы беларускі даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў.
Выступаючы на брыфінгу, прымеркаваным да Еўрапейскага дня памяці ахвяраў сталінізма і нацызма, спадар Леанід зазначыў, што сталінскія рэпрэсіі прама ці ўскосна паўплывалі на жыццё трох пакаленняў савецкіх грамадзянаў.
Прычым, гаворка ідзе не толькі пра тых людзей, хто быў расстраляны ці асуджаны на зняволенне і высылку, але і пра тых, хто перажыў розныя формы ўціску і насілля, у тым ліку псіхалагічнага, ідэалагічнага, эканамічнага, палітычнага і фізічнага, а таксама пра спадкаемцаў рэпрасаваных. Апроч таго, вядучыя краіны Захаду, у першую чаргу ЗША і Велікабрытанія, вымушаныя былі выдаткоўваць значныя сродкі для барацьбы з савецкай уладаю, якая марыла праз здзяйсненне сусветнай рэвалюцыі авалодаць планетаю. Усё гэта сведчыць пра тое, што савецкі камуністычны рэжым запаволіў прагрэсіўнае развіццё зямной кулі.
Даследчык звярнуў увагу на тое, што маргінальнай групе бальшавікоў, якія сваімі лозунгамі “Зямля -- сялянам, фабрыкі — рабочым, мір — народам!” дзіка падманвалі людзей, удалося спачатку ціхенька здзейсніць рэвалюцыю ў Расіі, а затым заняволіць народ і зніштожыць ягоную эліту — творчую інтэлігенцыю, інжынераў, дактароў, настаўнікаў, святароў, прадпрымальнікаў і заможных сялян. Прыкладна такім жа чынам дзейнічае і сённяшняе кіраўніцтва Расіі, калі ілжыва заяўляе пра адсутнасць ва Усходняй Украіне расійскіх узброеных вайскоўцаў, расійскай ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Такім чынам, татальны антычалавечы рэжым, дзе дзяржава пануе над асобаю, і да гэтай пары трывае ў многіх краінах пастсавецкай прасторы, падкрэсліў Леанід Маракоў.
Удзельнікі брыфінгу з нагоды Еўрапейскага дня памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Крайні злева — Леанід Маракоў, другі справа — Ігар Кузняцоў
Вядомы беларускі гісторык Ігар Кузняцоў адзначыў, што Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе на дзяржаўным узроўні не ўшанаваная памяць аб ахвярах сталінізму.
На сёння, 23 жніўня, запланаваная вандроўка прадстаўнікоў беларускай грамадскасці ў Катынь (Смаленская воблась Расіі), пад час якой адбудзецца наведванне мемарыялу ахвярам палітычных рэпрэсій і месца катастрофы самалёта з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім і польскай урадавай дэлегацыяй, што адбылася каля Смаленску 10 красавіка 2010 году.
Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, абвешчаны Еўрапарламентам 2 красавіка 2009 году, штогод адзначаецца 23 жніўня — у дзень падпісання 23 жніўня 1939 году дамовы аб ненападзенні паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам. Гэтая дамова, што ўвайшла ў гісторыю пад назваю “пакт Рыбентропа-Молатава”, падзяліла Еўропу на сферы ўплыву.
Прапанова аб устанаўленні дня памяці была высунутая ў “Пражскай дэкларацыі аб еўрапейскім сумленні і камунізме”, падпісанай 3 чэрвеня 2008 года Вацлавам Гаўлам і шматлікімі сябрамі Еўрапейскага парламента. 23 верасян 2008 года 409 сябраў Еўрапарламенту падпісалі дэкларацыю, што падтрымлівала ўстанаўленне памятнага дню. У дэкларацыі зазначалася пра “масавыя дэпартацыі, забойствы і акты заняволення, здзейсненыя ў кантэксце актаў агрэсіі з боку сталінізму і нацызму, што пападаюць пад катэгорыю ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці. Згодна нормам міжнароднага права, да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці не ўжываеццпа тэрмін даўнасці”.
2 красавіка 2009 года Еўрапарламент прыняў закон аб Еўрапейскім дні памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. А на пачатку ліпеня 2009 году парламенцкая асамблея АБСЕ на выніковым пасяджэнні ў Вільнюсе большасцю галасоў падтрымала рэзалюцыю “Аб аб’яднанні разрозненай Еўропы”, якая асуджае таталітарныя рэжымы XX стагоддзя — нацызм і сталінізм.