Актывісты ўсё ж наведалі Катынь і вярнуліся да беларуска-расейскай мяжы
Дэмакратычныя актывісты наведалі Катынь і вярнуліся да беларуска-расейскай мяжы. Усю дарогу іх суправаджала міліцэйская машына з уключанай мігалкай. Заязджаць у Смаленск было забаронена.
У Катыні актывістаў увесь час здымалі на відэа. Па прыездзе да мяжы актывісты збіраліся паехаць у Рудню, дзе ўтрымліваюцца Вольга Завадская і затрыманы актывіст, аднак ім гэта было забаронена. Але пазней у 21:55 затрыманых дазволілі забраць з Рудні.
Нагадаем, на смаленскай мяжы быў спынены аўтобус з актывістамі, прадстаўнікамі розных рухаў і партый, якія ехалі ў Катынь ушанаваць памяць загінуўшых. Прадстаўнік пагранслужбы патрабаваў ад усіх
здаць пашпарты, але грамадзяне Беларусі адмовіліся здаваць дакументы. Затрыманы адзін з членаў групы, у якога была майка з подпісам "Стоп-Пуцін”, паведамляла прэс-служба аргкамітэта
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Група выехала сёння раніцай і была спынена ў 12.30. Асобы, якія затрымалі аўтобус, не давалі яму нікуды ехаць і чакалі прыбыцця свайго кіраўніцтва.
Два чалавекі з групы былі затрыманы: Вольга Завадская, маці забітага журналіста Змітра Завадскага, і яшчэ адзін актывіст. Іх павезлі для высвятлення асобы.
Актывіста Яўгена Батуру змусілі зняць майку "Стоп - Пуцін". Ува ўсіх перапісалі пашпарты.
Аўтобус адпусцілі за 20 хвілін да закрыцця мемарыяльнага комплексу "Катынь", у які накіроўваліся актывісты. Трымалі іх з 12:30. Няглядзячы на позні час аўтобус паехаў па ранейшым маршруце. Яго суправаджалі машына расійскай ДПС.