Учора ў некалькіх студэнтаў прайшлі ператрусы. Маладыя людзі цяпер у КДБ

Днём 12 лістапада сталі з'яўляцца паведамленні, што да некаторых студэнтаў з ператрусам ці аглядам прыйшлі сілавікі. Да вечара таго ж дня спіс разросся амаль да дзясятка чалавек.

Фота Вольгі Шукайла

Фота Вольгі Шукайла

У ім — студэнтка БДУ і прэс-сакратар «Задзіночання беларускіх студэнтаў» Ксенія Сырамолат, студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка, студэнт БДУ і актывіст «Задзіночання беларускіх студэнтаў» Ягор Канецкі, студэнтка БДАМ Марыя Каленік, студэнт БДУ і гулец «Што? Дзе? Калі? » Ілля Трахтэнберг, адлічаная студэнтка БНТУ Вікторыя Гранкоўская. Таксама з 12 лістапада ў СІЗА КДБ знаходзяцца член Каардынацыйнай рады і прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям і выкладчык БДУІР Вольга Філатчанкава.
Раніцай 13 лістапада, паводле інфармацыі блізкіх і сваякоў затрыманых, у КДБ пачаліся допыты. Тэлефоны адвакатаў студэнтаў былі недаступныя.
— Учора да абеду, з 11.30 па 12.30 прыкладна, хлопцам(Ягор жыве з суседам у кватэры) перыядычна стукалі ў дзверы. Але яны ці не заўважалі, ці не надавалі значэння, бо жывуць на першым паверсе і заўсёды вельмі шумна ў пад'ездзе, — распавядае сяброўка Ягора Канецкага Алена. — У выніку яны нікога не паспелі апавясціць, што да іх ломяцца. Калі ўжо металічныя дзверы пачалі выносіць, выбіваць замок чымсьці (сусед кажа, кувалдай) хлопцы адразу адчынілі.
Па словах Алены, супрацоўнікі правялі ператрус, забралі тэхніку, паперы. Далі некалькі хвілін сабраць з сабой нейкія рэчы.
— Сусед, з якім Ягор жыве, сказаў, што ордэр на ператрус быў і што невядомыя дакладна прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, — кажа сяброўка Ягора. — Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага па ч. 1. арт. 342 КК РБ — гэта арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Затрыманне Марыі Каленік, мабыць, праходзіла некалькі інакш. Пра яго распавяла сястра Марыі — мастачка Ульяна Няўзорава. Дзяўчыны жывуць разам.
— Маша выйшла з дому, праз хвіліну патэлефанавала са словамі, што яе выкрадаюць. Але яшчэ праз пару хвілін Маша паднялася ў кватэру, з ёй — сем мужчын. Нам паказалі толькі пасведчанне супрацоўнікаў КДБ, другі раз яго паказваць ужо адмовіліся, — успамінае Ульяна. — Машы то казалі, што яна ў ролі сведкі і адвакатаў не пусцяць на «гутарку», то казалі, што яна ў ролі падазраванай і едзе на допыт.
Сястра Марыі кажа, што пра яе актыўнасці ва ўніверсітэце нічога не ведае. Але студэнтка выходзіла на забастоўкі. Ульяна дадае, што пры складанні пратакола сястру прыспешвалі з подпісам і падвышалі голас, калі яна пачынала задаваць удакладняючыя пытанні:
— У нас забралі тэлефоны, мы не маглі патэлефанаваць адвакату, і нам адкрытым тэкстам казалі, што іх не пусцяць. Панятыя выглядалі гэтак жа, як і людзі ў цывільным. Машу павезлі са словамі, што яна не мае права адмовіцца і «будзе горш». Праз некалькі гадзін патэлефанавалі з КДБ і сказалі, што Маша затрыманая па частцы 1 артыкула 342. Адвакату паведамілі, што допыт пачнецца сёння а 12-й, але яго перанеслі на 9.30, наколькі мы ведаем.
Сястра Ксеніі Сырамолат Кася сказала, што з хаты ў дзяўчыны забралі тэхніку — кампутар, тэлефоны, фотаапарат.
— Зараз да Ксюшы спрабуе прабіцца адвакат, навіны будуць крыху пазней, — коратка апісвае сітуацыю сястра студэнткі.
Адлічаную студэнтку БНТУ Вікторыю Гранкоўскую затрымалі не дома, а па дарозе да метро. Пра гэта паведаміў яе калега Віталь:
— У нас Вікторыя праходзіць стажыроўку: вывучае, чым займаюцца архітэктары. Учора, 12 лістапада, мы з ёй ішлі да метро ад месца, дзе працуем — з Дзяржынскага, 9. І там ёсць даволі круты паварот, які выводзіць на дарожку ад дома да святлафора. Калі мы паварочвалі на гэтую дарожку, я заўважыў трох маладых хлопцаў у масках. Калі б мы захоўвалі той хуткі тэмп, у якім ішлі, мы ў іх проста ўрэзаліся.
Віталь успамінае, што адзін хлопец адразу яго адціснуў і сказаў: «Праходзьце». Два іншых абступілі Вікторыю.
— Так атрымалася, што яны хутка апынуліся да мяне спінай, таму было не вельмі добра чуваць, як яны прадставіліся. Я пачуў толькі «дзяржаўнай бяспекі», у першым слове не ўпэўнены, — кажа калега Вікторыі. — Дыялогу паміж імі я ўжо не чуў, але, па-мойму, адзін з іх паказваў Віцы пасведчанне. Было ўжо цёмна і дрэнна відаць. У гэты час падышоў чацвёрты хлопец у масцы — ён выйшаў з белага буса на паркоўцы. Пазней туды адвялі Віку і некуды павезлі.
Пакуль ніякай інфармацыі пра Вікторыю няма: дзяўчына — сірата, таму калегі не ведаюць нават, ці ёсць у яе адвакат і каму ў выпадку яго адсутнасці будзе паведамляцца інфармацыя:
— Мы спрабавалі нешта даведацца, але пакуль нічога ... З кім звязвацца, не зусім зразумела. У нас Віка толькі два дні, асабліва даных пра яе не паспелі атрымаць. Ведаем толькі, што яна ўжо адбывала 7 сутак па адміністрацыйнай справе, тады ў яе адвакат быў, — упэўнены Віталь.
Блізкія выкладчыка БДУІР Вольгі Філатчанкавай таксама паведамілі, што яна зараз знаходзіцца ў КДБ і 13 лістапада мае праходзіць яе допыт. Вольга таксама затрыманая ў рамках справы па ч. 1 арт. 342 КК РБ.
Датэлефанавацца да прэс-сакратара КДБ Андрэя Яраша, каб даведацца падрабязнасці сітуацыі, TUT.BY не атрымоўваецца другі дзень.
TUT.BY