Ператрусы ў студэнтаў, выкладчыкаў, актывістаў
Раніцай 12 лістапада тэлеграм-канал peaceful_bsuirпаведаміў, што ў кватэру выкладчыцы кафедры праграмнага забяспячэння БДУІР Вольгі Філатчанкавай, якая ўдзельнічала ў страйку, уварваліся сілавікі. Пазней стала вядома, што ў выкладчыцы праводзіцца ператрус. У кватэру не пускаюць нават адваката.
Ператрус таксама сёння прайшоў у прэс-сакратара Асацыяцыі беларускіх студэнтаў і валанцёра праваабарончага цэнтра «Вясна» Ксеніі Сырамалот, паведамляе «Радыё Свабода».
Па словах сястры Сырамалот, дзяўчыну ў якасці сведкі дапытваюць супрацоўнікі КДБ.
"Студэнцкая думка" паведамляе пра ператрус у студэнткі БДПУ Касі Будзько. Па непацверджанай інфармацыі, гэта было КДБ. Дзе яна сама зараз — невядома.
Раней сёння стала вядома пра ператрус у члена Каардынацыйнай рады і прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Аланы Гебрэмарыям.
Ва ўсіх выпадках пакуль няма дадзеных, па якой справе праводзяцца следчыя дзеянні.
Акрамя гэтага, учора паўторна затрымалі студэнтку БДМУ Анастасію Казлову. Пасля начной змены яна прыйшла да 9:00 да РУУС з адвакатам, а пасля 6-гадзіннага допыту яе затрымалі. Пакуль на 72 гадзіны, як падазраваную паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ ("арганізацыя масавых беспарадкаў") за шэсце да Курапатаў.