Сілавікі павезлі ў невядомым кірунку выкладчыцу БДУІР
12 лістапада сілавікі забралі з дому выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву і павезлі ў невядомым кірунку. Падчас прэзідэнцкіх выбараў яна была незалежным назіральнікам, пазней — брала ўдзел у стачцы, паведамляе «Еўрарадыё».
![Вольга Філатчанкава / "Фэйсбук" Вольга Філатчанкава / "Фэйсбук"](/img/v1/images/olllllll.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вольга Філатчанкава / "Фэйсбук"
"Сёння раніцай у кватэру да Вольгі ламаліся невядомыя ў цывільным, — расказвае Еўрарадыё кандыдат тэхнічных навук дацэнт кафедры ЭВС БДУІР Дзмітрый Самаль. — Каля 10:40 яна патэлефанавала і сказала мне пра гэта. Потым на званкі не адказвала. Разам з адвакатам мы прыехалі да яе кватэры. Адваката не пусцілі ўнутр, матывуючы тым, "што зараз трэба будзе перарабляць пратакол". Некалькі гадзін у кватэры праходзіў ператрус".
![Ператрусы ў студэнтаў, выкладчыкаў, актывістаў Ператрусы ў студэнтаў, выкладчыкаў, актывістаў](/img/v1/images/123105131_346099536619075_6922854698860920524_n_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Каля 14:20 невядомыя ў цывільным павезлі Вольгу ў невядомым кірунку. Калегі перажываюць, але лічаць, што фармальна яе не затрымалі, а павезлі на гутарку, "інакш адвакат была б з ёй".
У тэлеграм-чаце "Мирный БГУИР" паведамляюць, што Філатчанкаву павезлі ў КДБ. Пацвердзіць або зняпраўдзіць гэту інфармацыю Еўрарадыё пакуль не ўдалося.
Раней у тэлеграм-каналах паведамлялася, што выкладчыцу затрымалі ў ЖК "Каскад". У чацвер раніцай туды таксама прыехалі сілавікі і сталі абшукваць кватэры мясцовых актывістаў. Дзмітрый Самаль абверг гэтыя чуткі. Вольга жыве на вуліцы Андрэеўскай, недалёка ад МДЛУ.