«Праблема каронавірусу проста ігнаруецца». Студэнты БДУІР дамагаюцца пераводу на дыстанцыйнае навучанне

У адной групе 3 курсу факультэту інфармацыйных тэхналогій і кіравання — 4 выпадкі каронавірусу. У другой захварэлі двое, а адна дзяўчына — кантакт першага ўзроўню. Студэнты мяркуюць, што дэканат ігнаруе праблему з COVID-19.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


На думку студэнта 3 курсу ФІТіК, дэканат робіць выгляд, што інфармацыя з паліклінікі ці санстанцыі пра каронавірус у студэнтаў да яго не даходзіць, расказвае Радыё Свабода.

«У пятніцу ў нашай групе пацвердзіўся першы выпадак каронавірусу. Мы прыйшлі да намесніцы дэкана, яна сказала, што ніхто з паліклінікі не паведамляў пра каронавірус. У панядзелак у нашай групе — яшчэ адзін пацверджаны выпадак. Да таго ж адна дзяўчына некалькі дзён таму з’езьдзіла на выходныя на “малую радзіму”, вярнулася — і ў той жа дзень даведалася, што ў бацькоў пацвердзіўся каронавірус. То бок яна — кантакт першага ўзроўню.

У панядзелак адна група з іншага патоку, дзе 4 чалавекі захварэлі, таксама папрасіла перавесці іх на дыстанцыйнае навучанне. Але сёння намесніца дэкана патэлефанавала і сказала ісці на пары», — кажа студэнт.


 «Наш дэкан і ўвесну не прызнаваў праблему з каронавірусам»

Цяпер студэнты з гэтай групы збіраюць подпісы, каб перадаць заяву аб пераводзе на дыстанцыйнае навучанне адразу ў рэктарат, бо дэканат факультэту на іх звароты не рэагуе. Яны сцвярджаюць, што на іншых факультэтах, нават калі толькі адзін чалавек захварэе на СОVID, студэнтаў пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне.

«Наш дэкан Леанід Шылін і ўвесну не прызнаваў праблему з каронавірусам. Калі была першая хваля каронавірусу, факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання апошнім у БДУІР перайшоў на дыстанцыйнае навучанне. І цяпер праблема каронавірусу проста ігнаруецца.

Адна група напісала заяву адразу на імя прарэктара. Заяву спусцілі ў дэканат, і гэта спрацавала. Іншыя групы таксама так зрабілі — напісалі ў рэктарат, але гэта ўжо не спрацавала. Дэканат кажа, што нічога зверху не прыходзіла», — кажа студэнт.

Страйк студэнтаў БДУІР, 25 кастрычніка 2020 года

Страйк студэнтаў БДУІР, 25 кастрычніка 2020 года



Дэканат сітуацыю не каментуе

На патоку ў БДУІР — па 140 студэнтаў, яны слухаюць лекцыі ў адной вялікай аўдыторыі. Праўда, з панядзелка ва ўніверсітэце павесілі абвестку пра ўвядзенне масачнага рэжыму.

Намесніца дэкана факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання Вікторыя Прыгара, з якой студэнты кантактуюць і якая ім сказала «ісці на пары», адмовілася пракаментаваць сітуацыю Свабодзе.

«Я ніякіх каментароў даваць не буду, звяртайцеся ў прэс-службу», — заявіла Вікторыя Мікалаеўна і паклала слухаўку.

А пасада кіраўніка прэсавай службы БДУІР — вакантная.