Зноў рост: у Беларусі 1057 новых выпадкаў каронавіруса за апошнія суткі
У Беларусі 109357 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. За апошнія суткі — 1057 інфікаваных. 10 лістапада было зафіксавана 1038 выпадкаў.
У Беларусі на 11 лістапада ачунялі і выпісаныя 92266 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19 (+620 чалавек за апошнія суткі). За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1022 пацыента (+6 чалавек за суткі), паведамляе TUT.BY.
Медыкі фіксуюць, што пнеўманіі падчас гэтай хвалі COVID-19 сталі больш складанымі, павялічылася колькасць кіслародазалежных пнеўманій. У Гомельскай вобласці, Магілёве, Бабруйску, Наваполацку і іншых гарадах вобласці ўвялі масачны рэжым. У Брэсце — сур’ёзныя абмежаванні. Пры гэтым пераводу школ на дыстанцыйную форму навучання не плануецца.
Частка аддзяленняў бальніц у краіне ўжо перапрафіляваныя пад прыём пацыентаў з COVID-19. З-за эпідэмічнай сітуацыі ў Мінску прыпыняюць планавую меддапамогу для пацыентаў з хранічнымі кардыялагічнымі захворваннямі. Таксама часова перастануць аказваць планавую хірургічную і гастраэнтэралагічную дапамогу.