Яшчэ адзін рэгіён: у Полацку і Полацкім раёне ўводзяць абавязковы масачны рэжым

У Полацку і Полацкім раёне з 11 лістапада ўводзіцца абавязковы масачны рэжым у мэтах папярэджання распаўсюджвання COVID-19 на тэрыторыі раёна.

f5b25669.jpg


Як паведамляе Gorod214.by са спасылкай на старшыню райвыканкама Ігара Марковіча, такое рашэнне полацкія ўлады прынялі 10 лістапада. Яно абумоўлена эпідэмічнай абстаноўкай, а таксама тым, што значная частка людзей, ігнаруючы парады лекараў, грэбуе сродкамі індывідуальнай абароны ў грамадскіх месцах, гаворыцца ў паведамленні мэра.

Таксама ў Полацкім раёне будзе максімальна скарочаная колькасць масавых мерапрыемстваў. Планёркі і рабочыя нарады, перамовы прадпісана праводзіць у фармаце відэаканфэрэнцый.

У Беларусі прырост новых інфікаваных за апошнія суткі склаў 1038 выпадкаў. Гэта рэкордная колькасць за ўвесь час распаўсюджвання інфекцыі, упершыню з канца лютага паказчык пераадолеў тысячную мяжу.

Раней масачны рэжым быў уведзены на Гомельшчыне і ў Магілёве. Сёння стала вядома пра аналагічныя захады ў Брэсце і Бабруйску.

Што азначае абавязковы масачны рэжым?

Выкарыстанне масак мае не рэкамендацыйны, а абавязковы характар. Такая мера распаўсюджваецца паўсюдна на ўсе арганізацыі незалежна ад формаў уласнасці.

Маскі абавязкова трэба будзе апранаць, уваходзячы ў крамы, гандлёвыя цэнтры, аб'екты грамадскага харчавання, установы аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама захаванне масачнага рэжыму абавязкова пры наведванні адміністрацыйных будынкаў, аддзяленняў сувязі, пошты, банкаў, бытавога абслугоўвання, аптэк.

Пасажыры грамадскага транспарту (у тым ліку маршрутных таксі і таксі) таксама абавязкова павінны быць у масцы.

Кантраляваць гэта павінны кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.