Улады запыталіся ў БНФ дадатковыя дадзеныя пра вылучэнцаў у выбаркамы
Улады запыталіся ў партыяў дадатковыя дадзеныя пра асобаў, што вылучаюцца ў выбаркамы.
Партыя БНФ атрымала ад Віцебскага аблвыканкама пісьмовы запыт пра "дзелавыя і асабістыя якасці" асобаў, якіх партыя плануе вылучыць у склад акруговых выбарчых камісіяў. Арганізацыйнае ўпраўленне аблвыканкама "просит заблаговременно направить информацию о деловых и личных качествах лиц, выдвигаемых в состав комиссий". Вядома, што падобныя лісты атрымалі і іншыя партыі, паведаміла прэс-служба БНФ.
Сітуацыю пракаментаваў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:
— Гэтая "просьба" ўладаў не заснаваная на законе. Вылучэнне ў склад акруговых камісій прадстаўнікоў партыі магчымае толькі адным дакументам — пратаколам пасяджэння кіруючага органа партыі. БНФ заўжды пазначае ў пратаколах вылучэння звесткі пра адукацыю і досвед нашых прадстаўнікоў.
Шмат хто з нашых партыйцаў мае досвед назірання за выбарамі ў іншых краінах, дзе галасы выбаршчыкаў сапраўды лічаць. Таму нашыя вылучэнцы не даспадобы мясцовым уладам.
Відавочна, што патрабаванне прадставіць нейкія дадатковых дакументы, апроч тых што прадугледжаныя Выбарчым кодэксам, ёсць яскравай праявай звычайнага для ўладаў стаўлення да выбараў. Для іх фармаванне выбарчых камісій мае значэнне не як палітычная працэдура, пакліканая забяспечыць празрыстасць выбараў і давер нацыі да будучых вынікаў выбараў.
Улады хочуць стварыць бачнасць плюралізму, захаваўшы поўны кантроль адміністрацыі за працэдурай, каб забяспечыць патрэбны ўладам вынік.
Паводле закону, выбарчыя камісіі фармуюцца на сумесных пасяджэннях прэзідыумаў выканкамаў і абласных саветаў. Але на практыцы мы бачым, што гэтыя органы не абмяркоўваюць на пасяджэннях прапанаваныя кандыдатуры, не разглядаюць пытанне пра неабходнасць забяспечыць у складзе камісіяў прадстаўніцтва апазіцыі. Фактычна акурат арганізацыйны аддзел фармуе персанальны склад камісій задоўга да фармальнай працэдуры. Гэта яскравы прыклад кіраванасці выбарчага працэсу ў Беларусі.
Мы не збіраемся палягчаць працу віцебскаму арганізацыйнаму аддзелу выканкама з той прычыны, што ягоная праца ў гэтай частцы не ёсць прадугледжанай законам працэдурай. Усе звесткі пра нашых вылучэнцаў, таксама як і іншыя пытанні датычна складу акруговых камісіяў, павінныя пасля 30 жніўня абмяркоўвацца ўпаўнаважанымі органамі — прэзідыумамі мясцовых уладаў.
Натуральна, ніякіх не прадугледжаных законам папярэдніх дадзеных мы прадстаўляць не будзем. БНФ прадставіць да 30 жніўня ў выканкам пратаколы аб вылучэнні прадстаўнікоў у акруговыя камісіі, у якіх будуць дадзеныя пра ўсе іх дзелавыя і асабістыя якасці. У тым ліку пра намер не дапусціць парушэнняў выбарчага заканадаўства, фальсіфікацыяў ды іншых незаконных маніпуляцыяў падчас выбараў.
Вылучэнне прадстаўнікоў Партыі БНФ і Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне" ў склад акруговых выбарчых камісіяў адбудзецца 24 жніўня на чарговым пасяджэнні Сойма БНФ. Паводле прадстаўлення Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, па Віцебскай вобласці ў склад камісіяў запланаванае вылучэнне пяці прадстаўнікоў.
Падчас мінулых выбараў у палату прадстаўнікоў шостага склікання ў 2016
годзе, у склад акруговых камісіяў па краіне ад Партыі БНФ было вылучана 27
чалавек, але толькі пяцёра з іх былі ўключаныя ў склад камісіяў. Ніводная з
судовых скаргаў, пададзеных на неўключэнне прадстаўнікоў партыі ў склад
камісіяў, не была задаволеная: нават у тых выпадках, калі ў склад камісіяў
уключаліся прадстаўнікі лаяльных уладам аб'яднанняў, чыё вылучэнне адбывалася з
грубымі парушэннямі нормаў выбарчага кодэкса. Напрыклад, тады ў камісіях
працавалі прадстаўнікі Саюза жанчын і Беларускага аб'яднання ветэранаў, якія не прадставілі пратаколаў пра
сваё вылучэнне ў склад камісій.