Уладзімір Макей: Мінскія пагадненні дапамаглі спыніць маштабнае кровапраліццё ва Украіне
Мінскія пагадненні, дасягнутыя ў сталіцы Беларусі па Украіне, дапамаглі спыніць маштабнае кровапраліццё на Данбасе. Пра гэта пад час вітальнага слова на форуме «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх» заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
«Праз 70 гадоў пасля завяршэння Другой Сусветнай вайны нам і ў страшным сне не магло прысніцца, што дзесьці зусім побач, па суседстве з намі, зноў будуць весціся маштабныя баявыя дзеянні», — сказаў Макей. Па яго словах, у Беларусі не было ніякіх ваганняў, як паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі. «Урэшце наша пазіцыя і абумовіла выбар Мінска як найбольш прымальнага і падыходзячага месца для вядзення перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ў Украіне», — сказаў ён
Па яго словах, «Мінскія пагадненні» дагэтуль рэальныя. Ён адзначыў, што іх называюць непрацуючымі ці ўяўнымі, і яны сапраўды не ідэальныя але яны да гэтага часу застаюцца адзінай рэальнай асновай ўрэгулявання канфлікту.
У той жа час Макей адзначыў важнасць правядзення падобных экспертных форумаў: «Галоўнае, што ва ўмовах татальнай канфрантацыі паміж суб’ектамі міжнародных адносінаў эксперты разумеюць патрэбу ў дыялогу. Паглядзіце, у што пераўтварыліся пасяджэнні галоўных структур арганізацый, якія павінны забяспечваць мір і бяспеку ў свеце, напрыклад, Рада Бяспекі ААН і Пастаянны савет АБСЕ — у абвінаваўчы трыбунал. А гэтыя трыбуны павінны быць нацэленыя на дасягненне міра».
«Трэба размаўляць, весці дыялог, нават калі ў адказ ты чуеш толькі рэха», — зазначыў Макей.
Асобна Макей закрануў пытанне эканамічнай бяспекі. Па яго меркаванні, эканамічнае суперніцтва і гандлёвыя канфлікты — гэта «класічныя прычыны абвастрэння міжнародных адносінаў». «Менавіта таму мы з’яўляемся актыўнымі прыхільнікамі дыялогу паміж еўразійскім і еўрапейскім інтэграцыйнымі працэсамі», — сказаў ён.
Ён адзначыў, што ў час гэтага мерапрыемства «наўрад ці мы знойдзем адказы мі развязкі ўсіх праблемаў». «Але мы хаця б пачнем размову, зробім крокі насустрач адзін аднаму», — сказаў міністр замежных спраў.