Вялікабрытанія заклікае да новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі вітаў публікацыю незалежнага дакладу аб фальсіфікацыях на выбарах і парушэннях правоў чалавека, учыненых беларускімі ўладамі.



Дамінік Рааб. Фота з сацта www.pravda.com.ua. 

Дамінік Рааб. Фота з сацта www.pravda.com.ua

Сямнаццаць дзяржаў-удзельніц АБСЕ звярнуліся да Маскоўскага механізму 17 верасня ў адказ на падзеі, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ў Беларусі. Маскоўскі механізм дазваляе групам дзяржаў АБСЕ ініцыяваць экспертныя місіі для прадстаўлення дакладаў аб сур'ёзных праблемах у галіне правоў чалавека.

 

Дамінік Рааб заклікаў да правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пасля публікацыі незалежнага дакладу, які пацвердзіў, што жнівеньскія выбары былі "сфальсіфікаваныя", і выявіў маштабы парушэнняў правоў чалавека, учыненых рэжымам Лукашэнкі.

Вялікабрытанія ўзначаліла дыпламатычную кампанію па міжнароднаму і незалежнаму расследаванню праз АБСЕ паведамленняў пра фальсіфікацыі на выбарах прэзідэнта і шматлікіх выпадкаў гвалту, запалохванняў і пераследу мірных дэманстрантаў, што зладзілі беларускія ўлады.

Вялікабрытанія з самага пачатку выказала заклапочанасць з нагоды правядзення выбараў і жудасных рэпрэсій пасля іх. У верасні Вялікабрытанія ўвяла знакавыя санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, яго сына і высокапастаўленых асоб у беларускім урадзе ў адпаведнасці з новым рэжымам санкцый Вялікабрытаніі ў галіне правоў чалавека ў адказ на катаванні і жорсткае абыходжанне з сотнямі мірных дэманстрантаў, якія знаходзяцца пад вартай.

Міністр замежных справаў Дамінік Рааб сказаў:

— Мы настойвалі на правядзенні гэтага незалежнага расследавання, і яно выявіла фальсіфікацыі, якія ляжаць у аснове прэзідэнцкіх выбараў, і подлыя дзеянні рэжыму Лукашэнкі па падаўленні беларускага народа.

Зараз павінны быць арганізаваны новыя свабодныя і справядлівыя выбары, а вінаватыя ў гвалце над дэманстрантамі павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.

Вялікабрытанія разам з 16 міжнароднымі партнёрамі звярнулася ў верасні да Маскоўскага механізму Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), які ініцыяваў расследаванне незалежным дакладчыкам па правах чалавека фальсіфікацый на выбарах і грубага парушэння правоў беларускага народа.

Незалежнае расследаванне АБСЕ прыйшоў да высновы, што ёсць неабвержныя доказы таго, што:

·       Выбары былі сфальсіфікаваныя.

·       Беларускія ўлады здзяйснялі масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў адказ на мірныя дэманстрацыі і пратэсты.

·       Існуе атмасфера беспакаранасці, і ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці за катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з боку праваахоўнікаў.

·       Свабода сродкаў масавай інфармацыі і бяспека журналістаў пастаянна падвяргаюцца нападкам з боку беларускага рэжыму.

Вялікабрытанія асуджае намаганні беларускага рэжыму па падрыве незалежнага расследавання, у тым ліку яго адмову супрацоўнічаць з місіяй па ўстанаўленні фактаў або дазволіць ёй уезд у Беларусь. І настойліва заклікае Беларусь перагледзець сваё рашэнне і канструктыўна ўзаемадзейнічаць з АБСЕ.

Вялікабрытанія працягне працу з міжнароднымі саюзнікамі па абароне дэмакратыі, свабоды СМІ і правоў чалавека ў Беларусі. Злучанае Каралеўства падтрымлівае рэкамендацыі дакладу АБСЕ і заклікае ўрад Беларусі правесці новыя прэзідэнцкія выбары, неадкладна пакласці канец гвалту, вызваліць усіх несправядліва затрыманых, расследаваць сцвярджэнні аб катаваннях і прыняць меры па забеспячэнні гуманных умоў утрымання пад вартай.

Паводле прэс-рэлізу