«Высылка ставіць мяне ў небяспечнае для здароўя і жыцця становішча». Ганна Красуліна звярнулася ў амбасаду РФ

Прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, якую на год дэпартуюць з Беларусі, звярнулася ў амбасаду Расіі з заявай «аб парушэнні правоў грамадзян Расійскай Федэрацыі». Заяву актывістка даслала ў амбасаду заказным лістом.

krasulina_1.jpg

Нагадаем, 13 лістапада Ганну Красуліну выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, дзе ўручылі апавяшчэнне аб высылцы з Беларусі тэрмінам на адзін год. Пакінуць краіну яна павінна да 30 лістапада 2018 года. Прычына высылкі ў тым, што Красуліна неаднаразова — тройчы — прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, з іх двойчы — за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, адзін раз — за неаплачаны ў аўтобусе праезд. Усе штрафы актывістка пагасіла, але ў паведамленні было сказана: «Выслаць у інтарэсах грамадскай бяспекі».
У заяве, дасланай у амбасаду, Красуліна адзначае, што, маючы грамадзянства Расіі, яна стала пражывае ў Беларусі з 2002 года з мужам, сынам і дачкой. Бацькі актывісткі — непрацаздольныя пенсіянеры — таксама грамадзяне Расіі, але з 2006 года жывуць у Беларусі.

krasulina_2.jpg

Ганна Красуліна лічыць, што прымяненне да яе такой меры, як высылка, неабгрунтавана і неапраўдана суворае. Актывістка звяртае ўвагу на тое, што, на яе думку, у Законе «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» фармулёўкі, за што замежніка могуць выслаць з краіны, «досыць нявызначаныя, прадстаўляюць шырокія магчымасці для тлумачэння органам, якія прымаюць рашэнне». А ў рамках падпісаных пагадненняў і заяваў на вышэйшым дзяржаўным і дыпламатычным узроўні аб пабудове Саюзнай дзяржавы і ўніфікацыі заканадаўства Расіі і Беларусі абвяшчаецца роўнасць правоў грамадзян, у тым ліку на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства.
«Ні я, ні мая сям’я, ні мае бацькі не маем нерухомасці і жылля на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і ніякай іншай дзяржавы. Я з’яўляюся інвалідам III групы, у цяперашні час сталай працы не маю. Высылка мяне з Беларусі азначае, што мяне разлучаюць з маёй сям’ёй — мужам і дзецьмі, і, па сутнасці, ставяць у небяспечнае для здароўя і жыцця становішча пры адсутнасці дастатковых сродкаў да існавання па-за сталага месца жыхарства. Мае бацькі, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, жывуць у Беларусі з 2006 года, і вось цяпер, калі яны ва ўзросце і маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, яны застануцца на цэлы год без маёй дапамогі. Як грамадзянка Расійскай Федэрацыі, інфармую вас аб парушэнні маіх правоў і інтарэсаў, а таксама інтарэсаў маіх бацькоў», — сказана ў заяве Красулінай.
Паводле news.tut.by