З МЗС звольнілі яшчэ двух дыпламатаў

Былы міністр культуры і пасол Беларусі ў Польшчы і Францыі Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале агучыў інфармацыю, што бліжэйшым часам са структуры МЗС будзе звольнена больш за 30 работнікаў.

Belarus.by

Belarus.by

Гэта супрацоўнікі і цэнтральнага апарату Міністэрства, і людзі, што працавалі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой.
«Наша Ніва» даведалася прозвішчы двух чалавек з гэтага спісу супрацоўнікаў МЗС. Гаворка пра работнікаў цэнтральнага апарату ведамства — Паўла Караткевіча і Андрэя Трусава.
Спадар Караткевіч быў другім сакратаром Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці. У размове з карэспандэнтам «НН» спадар Караткевіч пацвердзіў, што ад 18 верасня не з’яўляецца супрацоўнікам МЗС, але падрабязнасці звальнення вырашыў не агучваць.

Павел Караткевіч, фота з фэйсбука

Павел Караткевіч, фота з фэйсбука

Таксама працы пазбавіўся Андрэй Трусаў — другі сакратар Галоўнага ўпраўлення Азіі і Афрыкі. Трусаў быў адзіным супрацоўнікам МЗС, які валодаў інданезійскай мовай.

trusau_x1la8.jpg

Андрэй Трусаў, фота з фэйсбука
І Караткевіч, і Трусаў — выпускнікі расійскага МГІМО, дзе навучаліся па квоце ад беларускага МЗС. Яшчэ раней быў звольнены Андрэй Місюра, трэці сакратар пасольства Беларусі ў Індыі. Ён таксама з’яўляецца выпускніком МГІМО.
Па звестках «Нашай Нівы», працы пазбавяцца дыпламаты, што на сёння працуюць у Латвіі, Польшчы, Бельгіі. Многіх выклікаюць да 28 верасня ў распараджэнне МЗС.
«Звальненні адбываюцца ці праз тое, што супрацоўнікі выказаліся ў сацыяльных сетках супраць гвалту, ці адмовіліся ўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў на ўчастках за мяжой. На знешнепалітычным кірунку ў нас адбываецца поўнае фіяска. Праходзіць зачыстка дыпламатаў, што прывядзе да разбурэння сістэмы МЗС. Прымаюцца кадравыя рашэнні па лаяльнасці да ўлады, а не па прафесіяналізме. Я хацеў бы выказаць словы падтрымкі беларускім дыпламатам, якія занялі сваю прынцыповую пазіцыю», — сказаў Павел Латушка ў каментары «Нашай Нівы».