«Заўтра нічога не перашкодзіць Бабічу зладзіць брыфінг пра «рускамоўных» жыхароў Гомеля»

На просьбу «Новага Часу» ўкраінскія палітыкі пракаментавалі ўзаемныя папрокі беларускага МЗС і амбасадара Расіі, а таксама заяву аб маючай адбыцца ў Мінску прэс-канферэнцыі Міхаіла Бабіча з нагоды 5-годдзя захопу Расіяй Крыма.

1010478b2a4d72b8103f5ada15191d1f.jpg

«На нашых вачах адбываецца знішчэнне беларускага суверэнітэту»


Аляксандр Алфёраў, прэс-сакратар партыі «Нацыянальны Корпус»:
— Сітуацыя ў Беларусі досыць складаная для разумення звычайных украінцаў. Абломкі навіны з гэтай дзяржавы ў нас часта праходзяць праз прызму левых палітычных асяроддзяў, якія шыраць інфармацыю пра высокі ўзровень дабрабыту ў суседняй краіне. Так, кажуць пра высокія пенсіі, сацыяльнае жытло, высокую якасць прадукцыі. І так у большасці ўкраінцаў складаецца ўражанне пра стабільнасць пазіцыі «бацька», ягоную ўсеагульную падтрымку і г.д. Аднак за гэтым хаваецца поўнае неразуменне палітычнай сітуацыі, і асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе, з моманту пачатку расійска-ўкраінскай вайны. Новы віток падзей паказаў, што сітуацыя ў Беларусі абцяжараная і можа выйсці з-пад кантролю Лукашэнкі.

У прыватнасці, анансаваная ў Мінску прэс-канферэнцыя амбасадара РФ у Беларусі Бабіча з нагоды пятай гадавіны анексіі РФ Крыма, перадусім, павінна турбаваць найвысокіх кіраўнікоў Беларусі. На іх тэрыторыі разгортваецца чарговы міжнародны дыпламатычны скандал для адных, і выпрабаванне на трываласць хрыбта існавання беларускай дзяржаўнасці - для іншых. Заўтра нічога не перашкодзіць Бабічу ў той жа форме зладзіць брыфінг пра «рускамоўных» жыхароў, скажам, Гомеля, і ўзмацніць іх абарону. Падобныя запланаванай канферэнцыі Бабіча ярка дэманструюць адказ на пытанне «хто тут гаспадар».Вядома, у гэтым кантэксце варта ўзгадаць і ўкраінскую ўладу, якая, відавочна, наогул не разумее значэння Беларусі ў Цэнтральна-Усходнім рэгіёне Еўропы.
Украінская ўлада, як ніколі,сёння павінна падтрымліваць Беларусь. Стаць гарантам яе правоў і непарушнасці межаў. На нашых вачах адбываецца знішчэнне беларускага суверэнітэту. Разам з тым, руйнуецца і сама эканоміка Беларусі, якую ўсё мацней прывязваюць да РФ. А пуцінская «суседка» жыве за кошт састарэлай і неканкурэнтаздольнай з пункту гледжання знешніх рынкаў эканомікі. Украінская ўлада проста апускае гэтыя праблемы. Больш за тое, шматлікія ўкраінскія дэлегацыі не змаглі далучыць крымскую праблему да тэматыкі Данбаса на Мінскіх перамовах. А гэта ўжо чыста наш стратэгічны інтарэс, які нашы дыпламаты могуць прылічыць сабе ў абсалютны пройгрыш. У «Нацыянальным Корпусе» абсалютна дакладнае бачанне прадуктыўнага і магутнага супрацоўніцтва абедзвюх нашых краін, якія павінны стаць стрыжнем абноўленага Цэнтральна-Усходняга еўрапейскага цела. Жыве Беларусь!

«Праект Саюзнай дзяржавы зазнае крах»


Юрый Ноевы, адзін з кіраўнікоў Усеўкраінскага аб'яднання «Свабода»:
— Праект Саюзнай дзяржавы зазнае крах. Беларусь хоча захаваць незалежнасць і выгады ад адзінага рынку з Масковіяй. Апошняя хоча поўнага далучэння Мінска на правах суб'екта федэрацыі. І гэта стварае напружанне ў адносінах дзяржаў. Яно, у сваю чаргу, правакуе грэблівае і хамскае стаўленне цяперашняга амбасадара Масковіі да Беларусі. На што негатыўна адрэагавалі ў МЗС Беларусі.

У такой сітуацыі не дзіўна, што пасол Масковіі разглядае Беларусь як зручную пляцоўку для прапагандысцкіх кампаній супраць Украіны.
Запланаваная прэс-канферэнцыя на тэму апраўдання акупацыі Крыма накіравана не толькі ў падтрымку крамлёўскай версіі вайны. Месца правядзення — сталіца Беларусі — павінна даць сігнал ад Крамля Лукашэнку: у выпадку ўпартасці ён можа ўбачыць акупацыйныя войскі Пуціна на тэрыторыі Беларусі. Кампанія ціску мае на мэце схіліць Беларусь да прыняцця няроўных эканамічных правілаў гульні. Аднак для Масковіі гэта — план мінімум. Максімум — вяртанне Беларусі ў статус калоніі.
Для Украіны незалежная Беларусь — гэта надзвычай важна. Больш, чым адносіны з любымі іншымі дзяржавамі. Бо Беларусь і Украіна — нашчадкі гістарычнай Русі. І наша заданне — выжыць і захаваць свабоду нашых народаў паміж Захадам і Усходам.

Расія дэманструе, «хто ў доме гаспадар»


Тарас Чарнавіл, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны:
— Што да гэтай заявы Бабіча, я б сказаў, што Крэмль з чыста расійскіх планаў хоча ў чарговы раз прадэманстраваць сваю пазіцыю. І, шчыра кажучы, тое, што гэтая пазіцыя будзе заяўлена ў Мінску — што гэта мяняе? Для сусветнай супольнасці тое, што гэта не ў Маскве заявілі, а ў сталіцы іншай краіны, асаблівага значэння не мае. Калі б такая заява была афіцыйна зроблена дзесьці на тэрыторыі Еўразвяза, гэта б выклікала абурэнне і пэўныя канфлікты, але гэта было б тады тэмай абмеркавання. У дадзеным выпадку мне здаецца, што тут Крым патрэбны для інфармацыйнай раскруткі, адпаведнай для ўнутранага ўжывання. Для пафасу імкнуцца, дзе толькі маюць магчымасць, рабіць заявы, што «Крым — наш. Заўсёды быў і будзе наш».
Але тут ёсць адзін знешнепалітычны аспект. Калі глядзець з боку Украіны, мы час ад часу заўважаем пэўныя рэакцыі ад Расіі, якія досыць дэманстратыўна прыніжаюць суверэнітэт Беларусі. Можна па-рознаму ставіцца да Лукашэнкі, і відавочна, што добра да яго ставіцца цяжка. Аднак у многіх пытаннях, якія тычацца Украіны, ён стараўся ўвесь час дэманстраваць пэўную сваю суверэннасць.
Тут першае — гэта яго асабістыя добрыя адносіны з Парашэнкам, якія ўзніклі яшчэ да прэзідэнцтва Парашэнкі і будаваліся на бізнес-аснове. Лукашэнка яму не адзін раз даваў абяцанні, што вучэнні Захад-2018 не нясуць пагрозы Украіне. Кляўся, што не дапусціць з беларускай тэрыторыі ўварвання на тэрыторыю Украіны. Я разумею, ад яго цяпер ужо мала што залежыць. Але Лукашэнка рабіў досыць гучныя палітычныя заявы, дэманструючы сябе, прынамсі ў стаўленні ды Украіны, як кіраўніка суверэннай дзяржавы. Гэтая суверэнная дзяржава мае сваю пазіцыю, якая не супадае з пазіцыяй Расіі. І мне здаецца, што асноўная задача гэтага дэманстратыўнага дэмаршу Бабіча — не столькі зрабіць штосьці ў дачыненні Украіны, колькі прадэманстраваць і Лукашэнку, і усёй беларускай уладзе нешта ў стылі «хто ў доме гаспадар».