ЗША плануюць пабудаваць у Мінску новы будынак амбасады
ЗША плануюць пабудаваць у Мінску новы будынак амбасады, паведамляе Еўрарадыё.

Фота: Белта
Цяперашні будынак, лічаць амерыканцы, не адпавядае патрабаванням бяспекі. А яны сталі больш жорсткімі пасля тэракту ў лівійскім горадзе Бенгазі (у жніўні там загінулі тры супрацоўнікі місіі ААН). Пра гэта ў інтэрв'ю РБК распавёў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Як вядома, нядаўна Мінск і Вашынгтон прынялі рашэнне аб узаемным вяртанні амбасадараў. Улады Беларусі пазітыўна ацэньваюць нармалізацыю дачыненняў з ЗША.
"Гэта ненармальны стан, калі існуюць непаўнавартасныя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі ў нашым сучасным узаемазлучаным свеце, — кажа Макей у згаданым інтэрв'ю. — ...Мы хацелі б сысці ад той канфрантацыйнай рыторыкі, якая была ўласцівая нашым адносінам, скажам, гадоў дзесяць таму, калі па нашым настаянні амбасадары былі вымушаныя з'ехаць з абедзвюх краін".