Лешак Шарэпка ўшануе памяць Кастуся Каліноўскага
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь спадар Лешак Шарэпка 22 студзеня наведае Свіслач, дзе ўскладзе вянкі да помнікаў Рамуальду Траўгуту і Кастусю Каліноўскаму.
Прыняць удзел у мерапрыемстве былі запрошаны прадстаўнікі пасольстваў Літвы, Латвіі і Украіны. У гэтыя дні прадстаўнікі польскіх консульскіх аддзелаў наведаюць магілы і памятныя месцы гераічнага памкнення паўстанцаў па ўсёй Беларусі, прывядуць іх у парадак і запаляць лампады.
Аб запланаваных святочных мерапрыемствах пасольства Польшчы ў Мінску паінфармавала беларускія ўлады і запрасіла іх прыняць удзел у святкаванні 150-годдзя Паўстання 1863–1864 гадоў, таму што агульная гісторыя павінна аб’ядноўваць, а не дзяліць суседнія народы.
Нагадаем, 22 студзеня адзначаецца 150-годдзе Паўстання 1863–1864 гадоў, вядомага ў Беларусі як паўстанне Кастуся Каліноўскага. Ганаровы патранат над мерапрыемствамі, звязанымі са святкаваннем гэтай важнай гістарычнай падзеі прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Браніслаў Камароўскі, урачыстае адкрыццё адбылося 16 студзеня ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве.
У рознага тыпу мерапрыемствах, прысвечаных гэтай падзеі, якія будуць адбывацца на працягу ўсяго года, акрамя прэзідэнта прымуць удзел прадстаўнікі вышэйшых дзяржаўных органаў улады — Старшыні Сейма і Сената Польшчы, прадстаўнікі Савета аховы памяці барацьбы і пакутніцтва, Міністэрства нацыянальнай абароны і шматлікіх таварыстваў і арганізацый. Акрамя канцэртаў, навуковых канферэнцый, вернісажаў і выстаў, прысвечаных паўстанню, удзельнікі мерапрыемстваў наведаюць магілы паўстанцаў і месцы памяці.
22 студзеня на месцы пахавання паўстанцаў на ваенных могілках Павонзкі ў Варшаве адбудзецца пераклічка загінуўшых, а таксама ўскладанне кветак і запальванне лампад. У мерапрыемстве прыме ўдзел прэзідэнт Польшчы і прадстаўнікі краін, на тэрыторыі якіх адбываліся баі: Літвы, Латвіі, Беларусі і Украіны.
Па інфармацыі Пасольства Рэспублікі Польшча