«Навінкам» — 25: «Случай с пацаном», Джэймс Бонд і «Свиное рыло»

Газеце «Навінкі» — самаму буйному сатырычнаму праекту часоў незалежнасці — 25 лютага спаўняецца 25 гадоў. Вось такая магія лічбаў. Аўтар і адзін са стваральнікаў праекту паспрабаваў апісаць, як выглядаў цыкл падрыхтоўкі да друку аднаго нумару газеты.

Вулічная рэкламная акцыя рэдакцыі газеты «Навінкі»

Вулічная рэкламная акцыя рэдакцыі газеты «Навінкі»

Дзень першы. Пятніца. Здача нумару

Здаваць газету ў друк трэба было ў пятніцу зранку. Аднак на маёй памяці ніводнага разу нумар не быў здадзены своечасова, хаця супрацоўнікі заставаліся на працы ўсю ноч. Калі нарэшце кур’ер адпраўляўся ў друкарню з макетам, памяшканне рэдакцыі (як правіла, прыватная кватэра) нагадвала начлежку. Па кутах у розных позах ляжалі супрацоўнікі, якія заснулі падчас творчага працэсу (часам не без дапамогі моцных напояў). Прыкладна апоўдні пачынаўся рух. Людзі прачыналіся, аднак ніхто не думаў разыходзіцца.
Наадварот, перапоўненыя гонарам ад сваіх працоўных подзвігаў, усе пачыналі святкаваць заканчэнне цяжкага працоўнага тыдня. Рэй вёў культурны аддзел (Дзмітрый Серабракоў і Андрэй Белавокі). «Культуролагі» прачыналіся раней за ўсіх і адразу распачыналі працу над наступным нумарам — рыхтавалі рубрыку, дзе апісвалі якасці айчынных «чарнілаў», якія тут жа дэгуставалі.
Менавіта дзякуючы Серабракову газету ледзь не зачынілі пасля таго, як яна атрымала рэгістрацыю. Той напісаў тэкст пра тое, што Бабруйск ахапіла серыя самазабойстваў, усе ахвяры якіх, быццам, перад суіцыдам слухалі запісы Аляксандра Саладухі. Маўляў, спявак сваімі песнямі выклікаў старажытнага скандынаўскага бога Сало, які заклікаў накласці на сябе рукі. Калі мы пабачылі тэкст, дык схапіліся за галаву, аднак было ўжо позна. Хутка ў газеце «Знамя Юности» з’явіўся артыкул пра тое, якім ударам для Саладухі была зацемка Серабракова. Саліст, калі верыць артыкулу, нават не мог знайсці сілы, каб выйсці на сцэну. Мы чакалі самага кепскага, аднак дзіўным чынам скандал сам сабой прыціхнуў.

Дзень другі. Субота. Планёрка

Планавалі чарговы нумар на наступны дзень, у суботу. Паводле рытуалу, спачатку неабходна было раскласці на стале свежы выпуск — і тут жа гэта адзначыць. Ужыванне разнастайных напояў не перашкаджала бурліваму абмеркаванню зместу наступнага нумару. Журналісты нейкім чынам паспявалі прыдумаць цэнтральную тэму наступнага нумару і сюжэт фотакоміксу на апошнюю старонку — візітную картку «Навінак». Атмасфера спрыяла вывяржэнню фантазіі. Прыдумляліся самыя неверагодныя сюжэты. Як, напрыклад, пра тое, што на Новы год пасля лазні Лукашэнка замест Ельцына ўляцеў у Белы дом, дзе ўдала пазаляцаўся да Мадлен Олбрайт, альбо пра тое, што ўрад БНР збег у Бразілію, дзе займаецца беларусізацыяй абарыгенаў.

Рэдактар Паўлюк Канавальчык збірае грошы на чарговы штраф, які выпісалі газеце

Рэдактар Паўлюк Канавальчык збірае грошы на чарговы штраф, які выпісалі газеце

У планёрках меў права ўдзельнічаць любы чалавек, які прыходзіў у рэдакцыю, а такой публікі было багата. Магчыма, памыляюся, аднак суботнія вечарыны былі самыя ўгарныя. Адзін з такіх творчых працэсаў скончыўся трагічна: неяк грамада заўважыла, што ў двары ідзе міліцыянт, ды пачала спяваць: «Наша служба и опасна и трудна». Міліцыянт пачуў тэму і накрыў «маліну». Хутка рэдакцыі давялося шукаць новае памяшканне. Усяго за пяць гадоў існавання газета змяніла дзевяць адрасоў.

Дзень трэці. Нядзеля. Культпаход

Вельмі часта ўік-энд «навінкаўцы» прысвячалі розным культурным імпрэзам, якія, бывала, самі ж і арганізоўвалі. Увогуле, культурнае жыццё Мінску на мяжы стагоддзяў было не такім багатым, як сёння. Фактычна, пасля 1996-га адбылася ціхая зачыстка рок-клубаў, якія былі цэнтрамі моладзевага пратэснага руху. У выніку ў сталіцы засталася працаваць адзіная кропка — клуб «Альтэрнатыва» на Сурганава.

Невялікая культурная праграма кампенсавалася ўгарам імпрэзаў. Найбольш брутальным быў фестываль «Раздавім фашысцкую гадзіну!», які рэдакцыя праводзіла з 1996 года і які ператварыўся ў арэну боек паміж скінхэдамі і антыфашыстамі (тыя абралі рэдакцыю ў якасці свайго штабу).

Заўсёднікі клубу «Свиное рыло»

Заўсёднікі клубу «Свиное рыло»

Яскравай старонкай гісторыі газеты была спроба арганізаваць па нядзелях клуб «Свиное рыло» (ён павінен быў працаваць на базе кафэ «Валерыя»). У сваіх марах мы збіраліся стварыць нейкі элітарны клуб футурыстаў-імажыністаў, аднак, як і трэба было чакаць, атрымаўся партовы прытон. Калі піяністы — сябры рэдакцыі — былі захопленыя творчым працэсам, здаралася, яны гралі на піяніна нагамі, а наведвальнікі намагаліся падпаліць сталы. Натуральна, доўга гэтая весялуха не працягнулася.

navinki15_logo.jpg

Дзень чацвёрты і дзень пяты

Хаця па графіку напачатку тыдня рэдакцыя павінна была выходзіць на працоўную вахту, ніхто ў гэтыя дні асабліва не працаваў. Але не таму, што не хацелі, а таму што не мелі магчымасці.

Справа ў тым, што праз нейкі час газета стала сапраўдным атракцыёнам, вядомым далёка па-за межамі Беларусі. Як прыклад — шпіёнскі раман «Выратаваць прэзідэнта», які пабачыў свет у Піцеры на пачатку нулявых. Падзеі ў рамане, які напісаны ў жанры тупога шпіёнскага дэтэктыву, адбываюцца ў Беларусі, дзе апазіцыя плануе атруціць Бацьку. На дапамогу яму прыходзіць нейкі расійскі Джэймс Бонд. Аўтар яўна апісваў Беларусь паводле пэўных штампаў. Адзін са штампаў — існаванне ў краіне контркультурнай газеты «Навінкі», якая арганізуе незвычайныя перформансы.

Пра «Навінкі» таксама шмат пісалі ў Польшчы і Чэхіі. Міф пра «Навінкі» зацікавіў суполку маладых маскоўскіх кінематаграфістаў, якія ў 2000 годзе прапанавалі нам супрацоўніцтва. У выніку той кааперацыі нарадзіўся фільм «Случай з пацаном»

Пабачыць экзатычны праект жадалі шматлікія правінцыялы, непрызнаныя геніі, і нават замежныя дэлегацыі. Натуральна, госці прыходзілі не з пустымі рукамі. Найбольш экзатычнымі наведвальнікамі, напэўна, была суполка актывістаў ЛГБТ пад кіраўніцтвам Эдуарда Тарлецкага.

Сяброўству папярэднічаў незвычайны эпізод улетку 2001-га, калі Павал Севярынец склікаў Кангрэс беларускай моладзі. Пры гэтым ён папярэдзіў, што ўдзел такіх «вычварэнцаў», як Тарлецкі, непажаданы. Навінкаўцы ў адказ прабраліся на мерапрыемства Севярынца, дзе, апранутыя ў жаночыя сукенкі, абвясцілі пра правядзенне «Кангрэсу разбэшчанай беларускай моладзі». Тарлецкі быў уражаны нашым нахабствам.

navinki_redakcyja_logo.jpg

Сексуальныя меншавікі з’яўляліся ў рэдакцыі ў бліскучых жаночых вопратках і султанах з пер’яў, цягнучы з сабою скрыню піва. Паступова мы прызвычаіліся да таго, што ўвечары прыедуць «дзеўкі» Тарлецкага з халяўным алкаголем. Коўзаючыся па рэдакцыі, млява чакалі, калі пад пад’ездам спыніцца таксі і ў пакой уваліцца шумны балаган «вычварэнцаў».

Дзень шосты. Серада. Пачатак працы

Вяртацца ў працоўны працэс пасля фестываляў было вельмі цяжка, аднак іншага выйсця не было. Памятны выпадак, калі ў такія дні рэдакцыю наведаў Мітрыч — чырвоны скінхэд і аматар здаровага ладу жыцця. У рэдакцыі яго чакала наступная сцэна: навінкаўцы сядзелі і глядзелі на трохлітровы слоік з медычным спіртам. Спірт прынеслі ў рэдакцыю з мэтай матываваць журналістаў на працу, аднак пасля гэтага творчы працэс канчаткова затармазіўся. Мітрыч, які ненавідзеў алкаголь, узяў слоік і рашуча выліў спірт у ракавіну, разумеючы, што зараз яго чакае жорсткая расправа. Аднак навінкаўцы, наадварот, сустрэлі гэты ўчынак апладысментамі.

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная кампаніі «Legalize Navinki» за рэгістрацыю газеты

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная кампаніі «Legalize Navinki» за рэгістрацыю газеты

Праца ў сераду ішла надзвычай марудна. Вельмі дапамагалі ў такія дні людзі, якія заставаліся ночыць і нават жыць у рэдакцыі — часам яны прыдумлялі вельмі файныя тэмы. Праўда, ад гэтай публікі можна было чакаць усяго што заўгодна. Неяк такія «пастаяльцы» прыцягнулі ў рэдакцыю пластыкавую фігуру клоуна Рональда Макдональда, якую «пазычылі» каля рэстарана «МакДональдс», што быў непадалёк. Двухметровы Рональд доўгі час валяўся ў рэдакцыі «Навінак», замінаючы праходу. Праз нейкі час яго выкінулі на сметнік. Гэты выпадак хутка аброс сапраўднымі легендамі. Распавядалі, што ў Мінску анархісты, скраўшы клоуна Рональда, адразалі яму пальцы і дасылалі ананімна ў дырэкцыю кампаніі, патрабуючы забяспечыць вольны доступ да прыбіральняў для панкаў і іншых прадстаўнікоў андэграўнду.

"Палонены" Рональд Макдональд у памяшканні рэдакцыі. 

"Палонены" Рональд Макдональд у памяшканні рэдакцыі. 

Дзень сёмы. Чацвер. Запарка

У чацвер да супрацоўнікаў нарэшце даходзіла фантастычная думка: прыйшоў час рабіць нумар! Рэдакцыя ператваралася ў сапраўдны бедлам. Атмасферу ў рэдакцыі ў ноч здачы нумару ілюструе выпадак з брэсцкім мастаком Анатолем Адорскім, якога спецыяльна выклікалі ў Мінск для стварэння карыкатураў. Анатоль сядзеў на кухні, куды час ад часу забягаў нехта з енкам: «Дзе мастак?». «Я мастак», — адказваў госць. «Вы мастак? Цудоўна. Хутка будзе замова», — казаў журналіст і знікаў. Такая сцэна паўтарылася некалькі разоў. У выніку пра Анатоля забыліся — і ён дарма прасядзеў усю ноч у рэдакцыі.

Прыкладна ў тры-чатыры гадзіны ранку стомленыя працай і градусам навінкаўцы пачыналі паступова засынаць наўпрост за камп'ютарамі. Заставаліся самыя стойкія, якія ўмудраліся вычытаць газету і раздрукаваць макет. Аднак хутка і яны сыходзілі ў сон, каб праз некалькі гадзін прачнуцца і пачаць рыхтаваць наступны выпуск.

12049447_10206128761831992_6149069640386575078_n_logo.jpg

P. S. Нягледзячы на апісаную вышэй вар’яцкую мадэль арганізацыі працы, «Навінкі» ўмудрыліся рэгулярна выходзіць да 2003 года, калі і былі зачыненыя, у тым ліку за знявагу кіраўніка дзяржавы.Фота з асабістага архіву аўтара