«Нясвіжская казка» Альбрэхта Радзівіла

У 1935 годзе ў Варшаве памёр XVI Нясвіжскі ардынат Альбрэхт Антоні Радзівіл. Мала хто ведае, што гэты чалавек зрабіў даволі шмат дзеля росквіту архітэктурнай жамчужыны зямлі беларускай —
Нясвіжскага замка.



Баль у Нясвiжскім замку


Нарадзіўся князь Аба, як называлі ардыната блізкія, у Берліне, у 1885 годзе. У 1914-м ён атрымаў у спадчыну Нясвіжскія валоданні. Неўзабаве пачынаецца Першая сусветная вайна. Хутка па рашэнні князя на тэрыторыі Нясвіжскага замка арганізуецца шпіталь на 100 чалавек, а праз год у радавым гняздзе Радзівілаў размяшчаецца штаб 2-й рускай арміі.

    Альбрэхт Радзiвiл


Пасля ўсталявання бальшавіцкай улады ў Нясвіжы ў кастрычніку 1917 года гаспадар замка разам з цяжарнай жонкай спешна пакідае маёнтак і на доўгія 4 гады з’язджае за мяжу, у Лондан. Справа ў тым, што ў 1910 годзе князь Альбрэхт ажаніўся з брытанкай Дораці Паркер-Дзікан, якая ў 1917 годзе нарадзіла яму дачку — Альжбету. У 1921 годзе бацькі дзяўчынкі развяліся. Княгіня Бэтка засталася з маці і прыязджала ў Нясвіж да бацькі толькі на вакацыі. Сам князь у 1919 годзе, нягледзячы на цяжкую хваробу ног, уступіў у Войска Польскае і ў званні паручніка 10-га палка ўланаў удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне.

Альбрэхт Радзівіл на адным з баляў з гасцямі


Пасля ад’езду Радзівілаў радавы маёнтак быў фактычна кінуты на разрабаванне. У пачатку 1919 года ў замак прыйшлі бальшавікі. Атрад чэкістаў вывез з палацу шмат каштоўных рэчаў, што нават выклікала абурэнне з боку вышэйстаячага кіраўніцтва. Зрэшты, бальшавіцкая ўлада ў гэтых месцах затрымалася ненадоўга. Па выніках Рыжскай мірнай дамовы 1921 года Нясвіжскі замак і большасць беларускіх уладанняў Радзівілаў апынуліся ў складзе толькі што адроджанай польскай дзяржавы. Як ні парадаксальна, але несправядлівая «рыжская мяжа», па сутнасці, выратавала Нясвіжскі замак ад поўнага разрабавання.

Прыём у Нясвiжскім замку



Неўзабаве ў Нясвіж вярнуўся і князь Радзівіл. Спачатку Альбрэхт адчуваў некаторыя фінансавыя цяжкасці, што прымусіла яго прадаць частку старадаўніх рарытэтаў. Так, у 1926 годзе на брытанскім аўкцыёне «Сотбіс» былі выстаўлены 130 прадметаў узбраення і рыцарскага рыштунку XV — пачатку XVII стагоддзяў, якія належалі Мікалаю Радзівілу Чорнаму і Кшыштафу Радзівілу Пяруну.

Дарэчы, з калекцыяй зброі, якая знаходзілася ў Нясвіжскім замку, звязаны цікавы і даволі пацешны эпізод. У замак быў запрошаны спецыяліст, які павінен быў навесці парадак у сховішчы зброі. Гісторык упарадкаваў калекцыю, а князь Аба запытаў у яго, колькі трэба заплаціць за працу.

Князь Манака Людовік у Нясвіжы


Госць сышоў ад адказу, падкрэсліўшы, што праца яму не ў цяжар, і ён працуе з вялікім задавальненнем. Толькі пасля таго, калі на спецыяліста «націснулі», падкрэсліваючы, што ён павінен атрымаць грошы за сваю працу, работнік спытаў, ці можа ён на памяць узяць які-небудзь асобнік з калекцыі. «Ды хоць дзесяць», — адказаў князь. Спецыяліст абраў адзін з экспанатаў, а затым прадаў яго за мяжой за некалькі мільёнаў.

У 1922–1928 гадах у Нясвіжскі замак з Масквы быў вернуты шэраг рарытэтаў, якія раней упрыгожвалі старажытную рэзідэнцыю. У адпаведнасці з Рыжскай мірнай дамовай савецкі бок пагадзіўся вярнуць Польшчы ваенныя трафеі, усе навуковыя і культурныя каштоўнасці, вывезеныя з тэрыторыі Польшчы пачынаючы з 1 студзеня 1772 года, а таксама абавязаўся выплаціць Польшчы 30 мільёнаў залатых рублёў за ўнёсак Польшчы ў гаспадарчае жыццё Расійскай імперыі і перадаць польскаму боку маёмасць на суму 18 мільёнаў залатых рублёў. Так, у 1922 годзе ў Нясвіж вярнуліся старадаўнія гарматы. Частка з іх упрыгожвала палац. Іншыя былі адпраўлены ў музеі ў Кракаве, Львове і Варшаве. Акрамя гэтага, у замак былі вернуты старадаўнія дакументы і частка карцін з княжацкай галерэі.

Уваход у замак у Нясвіжы

Замак у Нясвіжы


Нягледзячы на пачатковыя фінансавыя цяжкасці, Альбрэхт Радзівіл даў працу тым землеўласнікам, маёмасць якіх пасля 1921 года аказалася на савецкім баку. Крупскія, Аскеркі, Шалевічы, Абуховічы, Нядзведскія працавалі ў 1930-х гадах у адміністрацыі Радзівілаўскіх землеўладанняў.

26 кастрычніка 1926 года Нясвіж наведаў Юзаф Пілсудскі. Афіцыйна маршал прыехаў, каб ушанаваць памяць свайго былога ад’ютанта Станіслава Радзівіла, які загінуў пад Кіевам падчас польска-бальшавіцкай вайны. Але ўсе разумелі, што гэты візіт звязаны з больш важнымі справамі. 23 верасня 1929 года Нясвіжскі палац наведаў прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі. Аўтамабіль прэзідэнта сустракала ганаровая варта конных асаднікаў, а таксама прадстаўнікоў улад. Князь Альбрэхт Радзівіл прыняў прэзідэнта ў сваім замку і адзначыў, што старажытныя сцены рэзідэнцыі бачылі многіх знакамітых людзей і яму прыемна, што сёння ў Нясвіж прыехаў сам прэзідэнт.

Візіты першых асоб польскай дзяржавы да Радзівілаў тлумачыліся жаданнем Пілсудскага і Масціцкага заручыцца падтрымкай багатай магнатэрыі «крэсаў», бо, як вядома, караля робіць світа. Акрамя гэтага ў Нясвіж пастаянна наведваліся прадстаўнікі знакамітых еўрапейскіх дваранскіх родаў, а таксама палітыкі. У розныя гады там бывалі князь Манака Людовік ІІ, а таксама нашчадак Неапалітанскага караля князь Мюрат. Альбрэхт Радзівіл быў заўзятым паляўнічым і часта запрашаў іншаземцаў на паляванне.

Акрамя афіцыйных прыёмаў у замку адбываліся і свецкія балі і вечарыны. У замку гасцілі між іншых польская актрыса Ядвіга Смасарска і «Хор Дана», таленавіты польскі спявак Мячыслаў Фог. У 1930 годзе князь Альбрэхт набыў у Варшаве дарагое чырвонае сукно і заказаў у нясвіжскіх краўцоў пашыў фракаў для сваіх гасцей. Для дам у польскай сталіцы былі набыты дарагія, зробленыя па модзе часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, парыкі. Адна з відавочцаў так успамінала той баль. Жанчыны былі ў чорных, доўгіх сукенках з ніткай жэмчугу на шыі і белымі парыкамі на галаве, а мужчыны ў чырвоных фраках. Толькі запрошаным афіцэрам было дазволена знаходзіцца на балі-маскарадзе ў вайсковых строях. Урачыстая вячэра была па-каралеўску раскошнай. Вакол кожнага месца стаялі пяць рознага памеру крышталёвых фужэраў з гербам Радзівілаў. Гасцей частавалі рыбай, фазанамі, курапаткамі, а таксама іншымі вельмі вытанчанымі стравамі.

Летам замкавы парк быў месцам шпацыраў маладых людзей і мам з дзецьмі, а зімой возера вакол замка Радзівілаў ператваралася ў вялікі каток, на які акрамя вучняў гімназіі прыходзілі нават ксяндзы і афіцэры 27-га ўланскага палка Войска Польскага.

Адным з сяброў князя Абы быў палкоўнік Уладзіслаў Абух-Вашчацінскі. Ардынат арганізаваў пышны шлюб адной з дачок ваеннага. Дарэчы, князь Альбрэхт пазнаёміў дзяўчыну з багатым землеўласнікам з Вільні, афіцэрам нясвіжскага ўланскага палка. Шлюбную сукенку для дачкі палкоўніка шылі ў Вене. Маладых, якія выходзілі з касцёла, сустракала ганаровая варта афіцэраў, якія над галавой трымалі шаблі.

Між тым цяжкая хвароба дабівала князя, і 18 снежня 1935 года яго не стала. Па загадзе міністра абароны пахавалі князя з воінскімі ўшанаваннямі. Газета «Дзённік крэсовы» пісала, што ў дні пахавання гатэлі Нясвіжа і замкавыя пакоі не змаглі змясціць усіх людзей, якія прыехалі развітацца з князем. Перад жалобным картэжам салдаты 27-га Нясвіжскага ўланскага палка неслі вянкі ад былога імператара Германіі Вільгельма ІІ, прэзідэнта Італіі і прадстаўнікоў іншых замежных дзяржаў. Пахавалі Альбрэхта Антонія Радзівіла ў радавой крыпце касцёла Божага Цела. Паводле ўспамінаў відавочцаў, калі жалобная цырымонія накіроўвалася ў касцёл, з замкавай вежы данесліся прыгожыя гукі паляўнічых ражкоў. Так з гаспадаром замка ў Нясвіжы развітваліся яго верныя слугі-гаявыя.

Юзэф Пісудскі ў Радзівілаўскай крыпце ў Нясвіжы

Пахаванне Альбрэхта Радзiвiла ў 1936 г. (Нясвiж



Другая сусветная вайна скончыла «Нясвіжскую казку», якую стварыў Альбрэхт Радзівіл. 17 верасня 1939 года ў Нясвіж увайшлі часткі Чырвонай Арміі. Шмат з тых, хто знаходзіўся ў замку, уключна з апошнім ардынатам, малодшым братам Альбрэхта Радзівіла князем Леонам былі арыштаваны НКУС. Радзівілаўскія скарбы былі нацыяналізаваны, што па сваёй сутнасці стала звычайным разрабаваннем. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: