Сёння — 915 год са дня нараджэння Еўфрасініі полацкай

5 студзеня 1104 году, згодна з высновамі даследчыка Аляксея Мельнікава, нарадзілася княжна і асветніца Еўфрасінія Полацкая

Еўфрасінія Полацкая. Мастакі Лілія і Валянцін Варэцы

Еўфрасінія Полацкая. Мастакі Лілія і Валянцін Варэцы


Еўфрасінія пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве — у іх працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні. Замовіла дойліду Яну збудаваць царкву Святога Спаса, а Лазару Богшу — шасьціканцовы крыж. Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візантыйскага мастацтва — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская».
Еўфрасінія была дачкой малодшага сына князя Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і верагодна Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. Пасля дасягнення паўналецця (якое ў той час наступала ў 12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр. Пасля пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала, а магчыма, і перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць.
У 1167 годзе Еўфрасінія паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім, дзе памерла ва ўзросце 63 гадоў. Была пахаваная ў манастыры Св. Феадосія.