Станіслаў Шушкевіч: Пагадненне прадухіліла грамадзянскую вайну

 Станіслаў Шушкевіч распавёў пра Белавежскія пагадненні.

inx960x640_1_833x400.jpg

8 снежня, 26 гадоў таму, у Віскулях былі падпісаныя Белавежскія пагадненні паміж Беларуссю, Украінай і Расеяй. Гэта азначала спыненне існавання СССР як „суб’екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці”.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які падпісваў пагадненне, распавёў пра тое, як ацэньвае значэнне тых падзей для сучаснай Беларусі:

— Галоўная асаблівасць Белавежскага пагаднення не ў тым, што яно канстатавала, што распад Савецкага Саюза адбыўся, а тое, што яно прадухіліла грамадзянскую вайну на тэрыторыі Савецкага Саюза. Рэспублікі разышліся без кроплі крыві, ніводная імперыя не распадалася без бойкі, без кровапраліцця, а гэта распалася. СССР ужо не мог існаваць, бо ён вычарпаў свае магчымасці існавання.

Што думаюць пра тыя падзеі беларусы?

— Вельмі шкада, што распаўся. Пры савецкай уладзе мы жылі, як людзі, а цяпер, як загнаныя коні.

— Самастойнасць для краіны — гэта канешне вельмі добра, але трэба як след гэтым распарадзіцца. Трэба правільна выбудаваць вектары, правільна сацыяльную палітыку арганізаваць.

— Кожны мае права на самавызначэнне.

— За кошт гэтага народ павінен быў падняцца, але чамусьці ён не падымаецца, але гэта ўжо справа будучыні. Гэта справа не аднаго пакалення, павінна змяніцца некалькі пакаленняў пакуль самасвядомасць народа павысіцца.

8 снежня 1991 года падзеі ў Віскулях сталі знакам і для стварэння незалежнай Беларусі. 

 Беларускае Радыё Рацыя