«Я вярнуся з праўдаю ў сэрцы». Беларускі кікбаксёр Аляксей Кудзін з'ехаў у Парыж ад крымінальнага пераследу
Беларускі чэмпіён свету па кікбоксінгу быў вымушаны пакінуць радзіму. Яго чакалі на судовым паседжанні, дзе мусіла быць разгледзена крымінальная справа паводле супраціву міліцыі пры жнівеньскім затрыманні спартсмена ў Маладзечне. Але ён там так і не з'явіўся.
Цяпер Аляксей Кудзін у Паражы — аб гэтым сведчаць дадзеныя геалакацыі кікбаксёра ў сацсетках. Вось які запіс на беларускай мове ён пакінуў сёння ў сябе ў істаграме:
«Вітаю Вас, маё шаноўнае спадарства. Па вядомых справах я быў вымушаны з'ехаць з роднай краіны. Зараз мне ніхто i нішто не пагражае. Але ўсім сэрцам я побач з тымі, хто змагаецца за сваю незалежнасць i яскравую будучыну. Больш чым 17 гадоў я выходзіў (на рынг) пад сьцягам сваёй дзяржавы. Шмат разоў я ўздымаў сцяг на міжнароднай пляцоўцы, а цяпер вымушаны быў бегчы ад гэтай сістэмы. Але я вярнуся ў хуткай будучыні, больш мацнейшым i з праўдаю ў сваім сэрцы. Жыве Беларусь!»
Раней Аляксей Кудзін сышоў з-пад хатняга арышту і не з'явіўся ў суд. Яго абвінавачвалі ў супраціве сілавікам, яму пагражала да пяці гадоў зняволення.