Крысціна Ціманоўская заклікала да санкцый супраць трэнера, які вырашыў адправіць яе дадому
Спрынтарка Крысціна Ціманоўская заклікала разгледзець магчымасць увядзення санкцый у дачыненні да трэнэра, які прыняў рашэнне адправіць яе дадому з Алімпійскіх гульняў у Токіа. Пра гэта паведамляе «Свабода» са спасылкай на агенцтва AP.
У інтэрв'ю агенцтву ў фармаце відэазванка Крысціна Ціманоўская таксама заклікала міжнародныя спартыўныя ўлады расследаваць інцыдэнт — высветліць, «хто даў указанне, хто прыняў рашэнне, што я больш не магу ўдзельнічаць у спаборніцтвах», — сказала спартсменка.
Ціманоўская пацвердзіла агенцтву выказаную раней
упэўненасць, што пасля вяртання ў Беларусь яе чакала б пакаранне. «Яны ясна
далі зразумець, што па вяртанні дадому я абавязкова сустрэнуся з той ці іншай
формай пакарання», — заявіла 24-гадовая лёгкаатлетка, якая адмовілася вяртацца
ў Мінск, атрымала польскую візу і ў бліжэйшыя дні вылеціць у Варшаву.
Польскія ўлады запэўнілі Крысціну Ціманоўскую, што ў
Польшчы яна атрымае дапамогу і зможа працягнуць спартыўную кар’еру.