Муж Крысціны Ціманоўскай: Пакуль я проста ў шоку ад усёй гэтай сітуацыі!
Другі дзень галоўнай тэмай з'яўляецца міжнародны скандал на Алімпійскіх гульнях. Пасля крытыкі чыноўнікаў ад спорту бягуху Крысціну Ціманоўскую спрабавалі гвалтам вывезці з Японіі ў Беларусь. Цяпер яна ў бяспецы і звярнулася ў амбасаду Польшчы ў Токіа па гуманітарную візу. Сёння стала вядома, што муж Крысціны Ціманоўскай, трэнер Арсеній Зданевіч, пакінуў Беларусь. Рэдакцыі рэсурса «KYKY» ўдалося з ім паразмаўляць.
«KYKY»: Арсеній, як вы?
Арсеній Зданевіч (А. З.): Ужо лепш, ужо адчуваю сябе ў бяспецы. Рэпрэсіі маглі закрануць і мяне, хоць прамых пагроз не паступала. Але я разумеў, што працаваць і жыць у краіне мне спакойна не дадуць. Рашэнне аб ад'ездзе было прынята ўчора літаральна на працягу паўгадзіны. Цяпер я выехаў ва Украіну, але тут праездам. З Крысцінай у мяне пакуль няма сувязі, але з апошніх навін ведаю, што яна знаходзіцца пад абаронай польскага консульства ў Токіа. І ў далейшым плануе пераезд у Польшчу, дзе мы з ёй і сустрэнемся.
Пакуль я проста ў шоку ад усёй гэтай сітуацыі. У мяне столькі злосці, што мая жонка знаходзілася на іншым канцы свету, а я не мог яе абараніць. Нейкія мужчыны, якім ужо пад 60 гадоў, спрабавалі націснуць на яе, зламаць, давялі да слёз. Гэта ненармальна! Гэта ганебныя паводзіны для мужчыны. І такія людзі не павінны працаваць са спартсменамі і ў прынцыпе з людзьмі. Гэта выходзіць за ўсе рамкі. Я не перажываю за сябе ці сваю будучыню ў чужой краіне, але моцна перажываю за жонку, каб з ёй было ўсё ў парадку, каб яна была пад абаронай.
«KYKY»: У Крысціны сапраўды былі праблемы з псіхалагічным здароўем, як пісалі СМІ, альбо гэта правакацыя?
А. З.: Гэта правакацыя. Больш за тое, ніякай лекар Крысціну не аглядаў.
«KYKY»: Чаму гэтая сітуацыя ў прынцыпе стала магчымай? Як разгараўся канфлікт?
А. З.: Гэта было на эмоцыях, таму што Крысціну прымушалі ўдзельнічаць у эстафеце 4 па 400 метраў, а Крысціна павінна была бегчы 200 метраў. Гэта тое ж самае, калі б баксёра выставілі на барацьбу, проста каб закрыць удзел краіны ў гэтым відзе спорту.
Гэта розныя дысцыпліны, нагрузка і патрабаваная падрыхтоўка. І такія недаравальныя памылкі ў спаборніцтвах такога ўзроўню. Прычым гэтае непаразуменне стварылі кіраўнікі дэлегацыі, якія падавалі заяўкі. Нельга спартсмена прымушаць выконваць нарматыў па тым відзе, якім ён ніколі не займаўся. І яшчэ без яго згоды. Калі б з Крысцінай хоць бы карэктна і лаяльна пагаварылі, магчыма, такой сітуацыі б і не адбылося. Але ніхто не паставіў нават у вядомасць. Мая жонка даведалася ад нейкіх старонніх людзей, што ёй трэба будзе бегчы 400 метраў.
«KYKY»: А што стала са спартсменамі, якія павінны былі прымаць удзел у гэтай дысцыпліне?
А. З.: У дзяўчын, якія павінны былі паехаць на Алімпіяду, не аказалася дастатковай колькасці допінг-проб. Адпаведна, яны не змаглі прыняць удзел у спаборніцтвах. І, каб закрыць эстафету, беларускі бок стаў шукаць разнастайныя спосабы.
«KYKY»: Гэта фінальная кропка ў кар'еры Крысціны?
А. З.: Вядома, не хочацца губляць усё тое, да чаго яна так доўга ішла. Крысціна хацела добра паказаць сябе на гэтых Алімпійскіх гульнях, але, на жаль, ёй не далі такой магчымасці. Проста давялі чалавека да істэрыкі шляхам запалохвання.
Думаю, нават калі б Крысціна магла вярнуцца ў Беларусь і ёй нічога не пагражала, то жадання выступаць за такую зборную ў яе б ужо не было.
Гэта ж ненармальная сітуацыя, калі людзі з тваёй каманды, з якімі ты штодня трэніруешся, маўчаць альбо кажуць, што з Крысцінай паступілі правільна.
«KYKY»: Што б вы хацелі сказаць тым спартыўным чыноўнікам, якія ўчора прэсавалі вашу жонку?
А. З.: Я спадзяюся, гэтыя людзі не будуць працаваць у спорце. Ці хаця б усведамляюць усю сур'ёзнасць таго, што адбылося, і зразумеюць, што такія пытанні трэба вырашаць карэктна, а не шляхам запалохвання спартсменаў. Інакш наступствы будуць непазбежныя.