Загадкавая смерць футбаліста

Нямецкая прэса прыгадала справу футбаліста Лутца Айгендорфа, які трагічна загінуў роўна 40 гадоў таму. Лічыцца, што гэта была помста ўсходне-нямецкіх спецслужбаў, якія не прабачылі спартсмену ўцёкі на Захад і крытыку ГДР.

Айгендорф (злева), які выступаў за BFC «Dynamo» ў 1975 годзе. Фота: Thomas Lehmann 

Айгендорф (злева), які выступаў за BFC «Dynamo» ў 1975 годзе. Фота: Thomas Lehmann 

Думаецца, кожнаму вядома імя Франца Бекенбаўэра — бліскучага футбаліста з Заходняй Германіі, які гуляў у 70-я. Але і на ўсходзе Еўропы ў той час быў свой «Бекенбаўэр». «Бекенбаўэрам Усходу» называлі Лутца Айгендорфа (Lutz Eigendorf), гульца клуба BFC Dynamo з Усходняга Берліна. Гэта быў сапраўды таленавіты футбаліст. Для даведкі: ужо ў дэбютным матчы за зборную ГДР ён забіў два галы балгарам.
Аднак, як і многія ўсходнія немцы, Лутц не бачыў для сябе перспектывы ў сацыялістычнай Германіі. У сакавіку 1979-га BFC Dynamo накіраваўся ў ФРГ, дзе правёў таварыскі матч з адным з мясцовых клубаў. На наступны дзень Айгендорф скарыстаўся шпацырам па горадзе, каб адарвацца ад каманды і ўцячы. Першыя некалькі дзён ён правёў пад выдуманым імем у нейкім пансіёне, перш чым пачаў працэс легалізацыі.
У дзяржаўных медыя ГДР уцёкі Айгендорфа адразу выклікалі скандал. Галоўны рупар афіцыёзу «Neues Deutschland» надрукавала артыкул пад назвай «Купілі і здрадзілі». Фатаграфіі і сувеніры з імем або выявай Айгендорфа былі знішчаны. З-за страху, што ў Айгендорфа знойдуцца паслядоўнікі, была ўзмоцнена ідэалагічная праверка гульцоў і адменены асобныя гульні ў «несацыялістычным лагеры».
Магчыма, гэтым бы ўсё і скончылася, калі б не статус BFC Dynamo ва ўсходне-нямецкім футболе. Клуб быў створаны пры міністэрстве ўнутраных спраў (Штазі) і карыстаўся падтрымкай кіраўніка ведамства Эрыха Мільке. Заўзятары іншых клубаў выкарыстоўвалі гісторыю з Айгендорфам, каб паздзекавацца з BFC Dynamo. На матчах з BFC Dynamo яны скандавалі: «Дзе знаходзіцца Айгендорф?» Абразлівай для Мільке была таксама рачоўка «Калі вы жадаеце ірвануць на Захад, трэба запісацца ў BFC Dynamo!».
У выніку Айгендорф стаў ворагам рэжыму. Спачатку яго хацелі вярнуць з дапамогай сям'і (у Лутца засталіся жонка і дачка ва Усходняй Германіі). Футбаліста шантажыравалі магчымым разрывам шлюбу. Для гэтага быў нават ініцыяваны хуткі шлюбаразводны працэс. Аднак гэта не паўплывала на рашэнне Айгендорфа застацца на Захадзе. Не дапамагла і абяцанка амністыі.

Лутц Айгендорф,  sport1.de

Лутц Айгендорф,  sport1.de

У выніку акруговы суд Берліна выдаў ордар на арышт Айгендорфа за «незаконнае парушэнне мяжы». Футбольная асацыяцыя ГДР таксама падала ў ФІФА заяўку на двухгадовую забарону ўдзелу Айгендорфа ў прафесійным футболе. У выніку футбаліст быў дыскваліфікаваны, але ўсяго на адзін год за несанкцыянаваную змену клуба.
Гэта не моцна паўплывала на яго кар'еру. 15 верасня 1979 года Лутц Айгендорф падпісаў кантракт з клубам 1. FC Kaiserslautern з гадавым заробкам у 100 000 нямецкіх марак. Дзякуючы таксама і яму 1. FC Kaiserslautern дайшоў да паўфіналу ў Кубку УЕФА. Але з меркаванняў бяспекі Айгендорфу не дазволілі паехаць на выязныя гульні з «Акадэмік» (Сафія) і «Спартаком» (Масква).
У чэрвені 1982 года Лутц перайшоў у «Айнтрахт» (Браўншвайг). Тады ж у яго з'явілася жаданне атрымаць ліцэнзію пілота лёгкіх самалётаў. Менавіта з інструктарам палётаў ён сустракаўся 7 сакавіка 1983-га ў мясцовым бары. Пасля сустрэчы па дарозе дадому Лутц загінуў. Яго «Alfa Romeo» не ўпісалася ў паварот, вылецела з дарогі і ўрэзалася ў дрэва. Тым жа вечарам, не прыходзячы ў прытомнасць, футбаліст памёр у бальніцы ў выніку шматлікіх пераломаў і чэрапна-мазгавой траўмы.

«Альфа Рамэа» Айгендорфа пасля аварыі, Getty Images / Global Images Ukraine / аўтар: Wolfgang Weihs / picture alliance

«Альфа Рамэа» Айгендорфа пасля аварыі, Getty Images / Global Images Ukraine / аўтар: Wolfgang Weihs / picture alliance

Першапачаткова следчым справа здавалася вельмі простай. У крыві загінулага быў знойдзены алкаголь — 2,2 праміле. Гэта дазваляла сцвярджаць, што Лутц выпіў перад тым, як сесці за руль, аж дзесяць куфляў піва. А паколькі ў «Айнтрахце» футбаліст гуляў не так бліскуча, як раней, нагода напіцца нібыта ў яго была.
Гучала і іншая версія. Некаторыя лічылі, што футбаліста-«здрадніка» маглі прыбраць агенты Штазі. Аднак на той момант доказаў на карысць гэтай тэорыі не было. Хіба што сведкі казалі, што Айгендорф у той фатальны вечар выпіў не так ужо і шмат піва, бо планаваў узяць урок палёту на наступны дзень. Яго другая жонка сцвярджала: «Піць так шмат было не ў яго стылі. Лутц увесь час баяўся, што яго выкрадуць, каб вярнуць на Усход».

Лутц і другая жонка Жазэфіна. Фота: morgenpost.de

Лутц і другая жонка Жазэфіна. Фота: morgenpost.de

Аднак пасля падзення Бярлінскай сцяны і аб'яднання Германіі ў рукі журналістаў патрапілі дакументы, якія дазваляюць казаць пра след Штазі ў смерці гульца.
Дакументы паказваюць, што ў Штазі Лутцам займаліся вельмі сістэмна. Быў створаны цэлы аддзел з 50 чалавек, які збіраў на яго інфармацыю. У асяроддзе Айгендорфа было адпраўлена мноства інфарматараў. Іх цікавіла ўсё: вольны час, паводзіны за рулём, асабістыя стасункі. Што робіць, калі не трэніруецца ці гуляе? Куды ходзіць? Што ўжывае? Дзе паркуецца? Выяўлены карты, на якіх адзначаны дакладныя маршруты, якія звычайна праязджаў Айгендорф на сваёй машыне.
Акрамя таго, як бачна з дакументаў, футбаліст асабіста раздражняў Эрыха Мільке сваімі інтэрв'ю. Спартовец неаднаразова даваў інтэрв'ю з крытыкай у адрас ГДР. Апошні раз за некалькі дзён да сваёй смерці перад Берлінскай сцяной на фоне стадыёна «Дынама», што відавочна было асабістым выклікам кіраўніку ўсходненямецкіх чэкістаў.
Аднак самага галоўнага, а менавіта загада забіць Айгендорфа, у архівах Штазі няма.
У 2000 годзе вялікі ажыятаж выклікаў фільм «Смерць здрадніку» рэжысёра Херыберта Швана. Стваральнікі кажуць, што ў файлах Штазі бачылі рукапісныя доказы таго, што спецслужбы замовілі забойства Айгендорфа сваім агентам у Заходняй Германіі.
У фільме выкладаецца і новая версія забойства, якая выглядае як сцэна з дэтэктыва. Паводле яе, забойца выкраў Айгендорфа на ўласнай машыне. Пагражаючы смерцю, яго прымусілі выпіць напой з атрутным рэчывам. Пасля агенты зніклі, а футбаліст у страху памчаўся на сваёй машыне прэч. На павароце яго асляпіла фарамі іншая машына.
У сваім фільме Шван ускосна абвінавачвае ў злачынстве інфарматара Штазі Карла-Хайнца Фельгнера, таксама вядомага як «Клаус Шлосер». Аднак у архівах Штазі файлы на агента «Клауса Шлосера» за 1980–1983 гады адсутнічаюць. І прыхільнікі, і апаненты тэорыі забойства з удзелам Штазі расцэньваюць гэты факт як доказ на сваю карысць. Сам Фельгнер сведчыў у 2010 годзе ў судзе, што атрымаў загад аб забойстве футбаліста, але не выканаў яго.
Такім чынам, і праз 40 гадоў смерць Лутца Айгендорфа застаецца загадкай. Але зараз у справе з'явілася новая акалічнасць. Адзін з гісторыкаў на днях звярнуў увагу на дзіўныя паводзіны следчых, якія вялі справу аб смерці Айгендорфа. Яны не зрабілі нават ускрыцця цела нябожчыка і вельмі хутка дабіліся спісання справы ў архіў. Ці значыць гэта, што Штазі мела сваіх людзей у шэрагах заходненямецкай паліцыі? А можа быць, нехта з тых сілавікоў і выканаў загад пра забойства? Адным словам, следства працягваецца.